Переводчик Лаўрэш Леанід
© Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, 2025
© Лаўрэш Леанід, перевод, 2025
ISBN 978-5-0065-4589-2
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Ад перакладчыка і каментатара ўспамінаў
Цікавыя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848—1932)1 маюць аб'ём у 600 старонак. Большая іх частка прысвечаная жыццю аўтара па-за межамі сучаснай Беларусі, у значнай ступені ён з'яўляўся еўрапейцам прафранцузскай арыентацыі. У Францыі Корвін-Мілеўскі атрымаў сярэднюю і вышэйшую (да ступені доктара) адукацыю, меў тут шмат сяброў і знаёмых, добра ведаў гісторыю, культуру і палітыку гэтай дзяржавы, і па яго словах, пісаў па-французску лепш, чым па-польску (мне здаецца, у яго дастаткова своеасаблівая, не віленская, польская мова, але не бяруся рабіць ацэнкі ў гэтай справе). Амаль што ўсё сваё жыццё, ён кожны год па 3 – 4 месяца жыў у Еўропе, займаўся палітыкай, пісаў, але пры гэтым жаліўся на лёс буйнога абшарніка. Заўважу, што сваю вялікую гаспадарку Корвін-Мілеўскі прывёў ва ўзорны стан, і менавіта гэта дазваляла яму жыць тым жыццём, якім ён жадаў жыць, час ад часу пісаць і друкаваць публіцыстыку, займацца грамадзянскай дзейнасцю.
Але ўсё ж, у значнай ступені, ён быў спадчынным вільнянінам, меў багатую кватэру у фешэнэбельнай частцы горада з вялікай бібліятэкай, напоўненай, па яго словах, творамі мастацтва. Вялікая бібліятэка мелася ў Корвін-Мілеўскага і ў Лаздунах, якія ён, здаецца, разглядаў толькі як месца сваёй «цяжкай» працы, неабходнай, каб весці звычайны для яго лад жыцця.
На працягу стагоддзяў Лаздуны ўваходзілі ў склад вялізных уладанняў князёў Радзвілаў і здаваліся імі ў арэнду (заставу). Апошні нясвіжскі ардынат Дамінік Радзівіл перадаў гэты маёнтак на вечныя часы Юзафу Валадковічу і яго жонцы Караліне з Бжастоўскіх. У 1810 г. Лаздуны набыў Самуэль Воўк-Ланеўскі, ён перадаў гэту маёмасць сваёй унучцы Вераніцы, мужам якой быў Аскар, а сынам Гіпаліт Корвін-Мілеўскія. Аўтар успамінаў цікава расказвае пры свой род і яго маёмасць, падае шмат важанй інфармацыі пра суседнія, літоўскія заможнай роды абшарніцкай шляхты.
Палац Гіпаліта Корвін-Мілеўскага ў маёнтку Лаздуны, фота 1930-х гг.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі да 1878 г. пабудаваў у Лаздунах свой палац-рэзідэнцыю, пра які Чэслаў Янкоўскі пісаў, што пакоі палаца вызначаліся «вялікім густам і не вясковым камфортам». Што не дзіўна, улічваючы еўрапейскаць гаспадара, а таксама творчы патэнцыял яго сям'і: яго бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (1818—1906) быў публіцыстам і аўтарам лібрэта да операў Манюшкі2, а ўладальнік Геранёнаў, брат Ігнат Корвін-Мілеўскі (1846—1926) з'яўляўся вядомым мастаком і калекцыянерам.
Як дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы Гіпаліта можна лічыць часткай палітычнай эліты Расійскай імперыі. Здаецца, сярод вышэйшага чынавенства імперыі яго лічылі сваім чалавекам – разважным кансерватарам і нават манархістам.
Думаю, у палітычным сэнсе Гіпаліта Корвін-Мілеўскага можна аднесці да катэгорыі так званых «віленскіх зуброў» – мясцовых абшарнікаў з кансерватыўнымі поглядамі, які пры гэтым, у адрозненні ад шматлікіх іншых яго калегаў, вельмі адмоўна ставіўся як да беларускага, гэтак і да летувіскага нацыянальнага руху.
Трэба трошкі расказаць пра брата аўтара ўспамінаў? Ігната Корвіна-Мілеўскага. З 1856 г. разам з братам Гіпалітам ён жыў і вучыўся у Парыжы, у ліцэі Банапарта. У 1865—1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнат Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене. У 1873 г. прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год – у Парыжскім салоне.
Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Гіпаліту, а маёнтак у Геранёнах – Ігнату. Ігнат атрымаў тытул графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. Жыў у Вене і Вільні, у Вільні пабудаваў палац у італьянскім стылі. Пасля 1905 г. ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але гэты саюз трываў нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны. Пасля гэтага Ігнат Корвін-Мілеўскі купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Замовіў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Яхту назваў «Літва» і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг у нарвежскія і рускія парты, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы. Многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі публіцыстычных прац. Судзіўся з многімі людзьмі і нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары для аховы трымаў 20 стражнікаў.
Ігната Корвіна-Мілеўскага найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзажы. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін, але ён быў не толькі калекцыянерам, ён яшчэ і дапамагаў маладым мастакам. Сваю карцінную галерэю Ігнат спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына.
Вяртаемся да аўтара ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага, якія я з цікавасцю прачытаў, але пераклаў толькі тое, што наўпрост датычыць нашага краю (каля 20%) – у асноўным гэта першая кніга ўспамінаў. Большая частка яго мемуараў можа быць цікавай толькі для вузкай групы гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на тым часе, некаторыя яго думкі і заўвагі сёння могуць выклікаць толькі ўсмешку, але некаторыя з іх паказваюць аўтара адукаваным і ўніклівым чалавекам.
Спадзяюся, што мая праца не будзе дарэмнай і ў большай ступені, чым раней, увядзе гэтую асобу ў лік актараў нашай мясцовай і агульнабеларускай гісторыі. Заканчваючы, не магу не заўважыць артыкулы пра Корвін-Мілеўскіх цудоўнай пісьменніцы і даследчыцы гісторыі роднага краю з Іўя Алены Смалянічэнка.
Леанід Лаўрэш.
Кніга першая. Прыватнае жыццё
Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі – ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.
Ужо перад сусветнай вайной (тут і далей, Першай сусветнай – Л. Л.) многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, – старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая «іскра».
Затрашчала гэтая «іскра» восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі – па той бок «кітайскай сцяны», створанай фронтам. […] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю – польская, кантрабасам – руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, каля 1910 г.
Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага «музыканта» польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.
Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: «суб'ектыўны» ці «аб'ектыўны»? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць… Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй «Споведзі» […] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі3 пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга.
Аднак гэтаму не будзе супярэчыць тое, што я спачатку больш падрабязна разгледжу паходжанне самога аўтара ўспамінаў. Два погляды падштурхоўваюць мяне зрабіць так.
Па-першае, гэта дазволіць мне звярнуць увагу чытача на малавядомую гістарычную з'яву, памяць аб якой, як я зразумеў тут у Познані, хутка згасае нават у той частцы краіны, дзе яна мела месца, а менавіта размова пойдзе пра каласальнае пераразмеркаванне зямельнай уласнасці, сацыяльных, грамадскіх чыннікаў і эканамічных фактараў, якія адбыліся, галоўным чынам у Літве і Беларусі, у часе паміж пачаткам агоніі Рэчы Паспалітай, г. зн. ад Станіслава Аўгуста і па самы страшны жыццёвы крызіс, якім стаў 1863 год.
Па-другое, я маю цвёрды намер пісаць праўду, калі буду апісваць гісторыю, людзей і падзеі, падабаецца гэта камусьці ці не. Аднак загадзя ведаю, што цалкам гэты намер я не выканаю. Чаму? Таму што ў меркаваннях чалавека няма абсалютнай праўды. Гэта зразумела нават, калі не прымаць тэорыі адной філасофскай школы, якая адмаўляе існаванне любой рэальнасці, бо яна нібыта ёсць толькі ўяўленне, створанае нашымі пачуццямі. Гэта бачна з пастаянных, штодзённых разыходжаннях у аднолькава шчырых, добрасумленных і перакананых паказаннях сведкаў падчас судоў. Гэта дастаткова даказвае, што заявы і перакананні залежаць перш за ўсё ад схільнасці і пункту гледжання чалавека. Тут самы галоўны і непераможны ўплыў аказваюць паходжанне, спадчынныя традыцыі і звычкі, а таксама дзіцячыя ўражанні і выхаванне кожнага чалавека. Для хранікёра, які шчыра думае, што ён толькі фатаграфуе жыццё, усё гэта з'яўляецца тым, чым для сапраўднага фатографа будзе вышыня, святло ці бок, на якія ён паставіў сваю камеру. Таму, кожная фатаграфія выглядае па-рознаму.
Няхай чытач, гледзячы на апісанне падзей праз свае акуляры, якімі стала для яго жыццё, ведае, з якога паверха (з першага ці з верхняга) і праз якія акуляры глядзеў на іх мемуарыст. Маючы жаданне наблізіцца да ісціны, ён можа вылічыць нешта прапарцыйна-сярэдняе.
Што ж да раздзелаў гэтай працы, дык іх мне падказала сама хада майго жыцця. У першай яе частцы, самай працяглай, бо яна дасягае 50-гадовага ўзросту, я быў толькі простым мінаком, які сачыў за гістарычнымі падзеямі і не ўдзельнічаў у іх асабіста. Мае ўспаміны пра гэты перыяд (1848—1898) могуць мець вартасць толькі як альбом малюнкаў і партрэтаў, як, напрыклад, цікавыя і пазнавальныя дзённікі канца XVIII ст. Другі перыяд пачаўся ў 1898 годзе падчас кароткай паўзы, калі імператар Мікалай ІІ выпаўз з-пад спадніцы сваёй маці, але яшчэ не трапіў пад спадніцу жонкі і калі нейкія промні святла і паветра ўвайшлі ў падзямелле, у якім 30 гадоў задыхалася наша грамадства. Гэта быў час, калі мне было наканавана разгортваць грамадска-палітычную дзейнасць. Апошні перыяд 1914—1921 гадоў пачаўся, калі пад уплывам майго бацькі, пагаршэння здароўя і некаторага расчаравання я збіраўся паставіць крыж на сваёй дзейнасці і, кіруючыся парадай Мантэня, вырашыў апрануцца ў халат старасці. Але грамадская жылка яшчэ падштурхнула мяне далучыцца да шматлікага тады рою мух, якія пхалі польскі рыдван. Хаця я мала што рабіў, але бачыў многае спачатку з аднаго, а потым з другога боку […] і не аднойчы пераканаўся, што многія суайчыннікі, якія не пакідалі сваёй радзімы ад пачатку і да канца драмы, і сёння вельмі слаба ўсведамляюць, асабліва, пачынаючы з сярэдзіны 1915 г., тое, што рабілася па-за межамі нямецкага жалезнага кальца. Паколькі гэты гістарычны перыяд, несумненна, будзе прадметам шматлікіх даследаванняў, як дагэтуль перыяд Вялікай французскай рэвалюцыі, мая праца можа служыць дадатковай крыніцай інфармацыі. […] Такім чынам, пасля анансаванага вышэй кароткага гістарычнага пралогу мы будзем мець успаміны пра:
1) прыватнае жыццё 1848—1898 гг.;
2) грамадска-палітычнае жыццё 1898—1914 гг.;
3) катаклізм 1914—1921 гг.
[…]
Познань, май 1926 г.
Раздзел I. Старажытная гісторыя, паходжанне аўтара
Нарадзіўся я 6 жніўня (26 ліпеня) 1848 г. у Друскеніках, курортным мястэчку каля Гародні, ад бацькі Аскара Корвін-Мілеўскага гербу Слепаўрон і маці Веранікі Ланеўскай-Воўк герба Дзве трубы4.
Мінулае абодвух маіх ліній, бацькоўскай і матчынай, цесна звязана са згаданым вышэй эканамічным і сацыяльным пераваротам (пераразмеркаваннем), які адбываўся сярод шляхты ў Літве і Беларусі (а таксама на Падоллі і ў Украіне) паміж сярэдзінай XVIII і сярэдзінай XIX ст. У сярэдзіне XVIII ст. гэты вялікі край, роўны па плошчы ўсёй сучаснай Польшчы, у сярэдзіне XIX ст. належаў (разам з плошчамі, занятымі прыгоннымі сялянамі) у прапорцыі большай чым 2/3, шляхце – польскай або спаланізаванай. Тады, як у часы першага падзелу шляхта мела менш за 1/3. Ільвінай доляй гэтай зямлі раней валодала некалькі вялікапанскіх сем'яў – Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічі, Пацеі, з якіх адзін Караль Радзівіл Пане Каханку меў каля 12 мільёнаў гектараў. Потым ішлі шматлікія і вялікія каралеўскія і дзяржаўныя маёнткі – староствы, польскай артылерыі і г. д., і, нарэшце, у канцы – маёмасць касцёлаў і кляштароў.
Усё гэта памянялася ў XIX стагоддзі. З вялізнай фартуны (маёмасці – Л. Л.) Караля Радзівіла Пане Каханку, у руках унучкі яго брата княгіні Вітгенштэйн, дачкі князя Дамініка, каля 1840 г. заставаўся толькі мільён сто тысяч гектараў. Гэта фартуна пацярпела ўжо падчас першага падзелу 1772 г. праз канфіскацыі маёнткаў у Магілёўскай і Віцебскай землях, зменшылася яна дзякуючы так званым эксдывізіям5, якія праводзіліся згодна са Статутам ВКЛ і вялі да ліквідацыі буйной нерухомай маёмасці. Апошні Сапега з літоўскай лініі, эмігрант 1831 г. князь Яўстах, бацька знакамітай пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і дзед міністра замежных спраў у 1921 г., як і апошні з Пацаў, пацярпеў ад канфіскацыі сваіх вялікіх маёнткаў (хоць паменшаных ўжо ў XVIII ст.) у Гарадзенскай зямлі. Род Пацеяў згас перад апошнім падзелам, род Хадкевічаў яшчэ добра трымаўся на Валыні да Сусветнай вайны, але іх вялізныя маёнткі на Віленшчыне ў ХІХ стагоддзі пайшлі пад эксдывізію. Шматлікія езуіцкія маёнткі пасля роспуску ордэна ў 1773 г. былі раздадзены Рэччу Паспалітай «заслужаным у краіне людзям» на правах поўнага дзедзіцтва з вельмі памяркоўнай штогадовай аплатай, грошы гэтыя ішлі на асвету. Шматлікія староствы і каралеўшчыны пры кожным падзеле Рэчы Паспалітай сваім фаварытам раздавала царыца Кацярына ІІ, і ўсе яны, за выключэннем аднаго Платона Зубава, хутка распрадавалі сваю маёмасць мясцовым панам.
Такім чынам менш, чым за стагоддзе, больш за дзесяць мільёнаў гектараў зямлі змянілі гаспадароў і амаль што выключна на карысць аднаго з трох тагачасных слаёў шляхты, а менавіта сярэдняга слоя. Гэта мела вялікае значэнне не толькі ў эканамічным і сацыяльным, але і ў культурным і нацыянальным планах. Паўсталі шматлікія двары, населеныя сем'ямі, якія маглі даць сваім дзецям добрую адукацыю, гэтыя двары сталі цэнтрам польскасці, але пры гэтым падтрымлівалі беларускую ці летувіскую мовы. Таму пасля знікненнем дзяржаўнасці, за сто гадоў агоніі (1762—1862), нацыянальная справа прасунулася наперад больш, чым за ўсе папярэднія амаль што чатыры стагоддзі – ад Уладзіслава Ягайлы да Станіслава Аўгуста.
Тры слаі шляхты, пра якія я толькі што згадаў, за выключэннем цяпер ужо вымерлых магнатаў, складаліся з:
1) Верхняга слоя. Гэта не вельмі шматлікія сем'і (100, максімум 200), якія часам былі звязаны сямейнымі сувязямі з адным з магнацкіх родаў, раней займалі нейкія сенатарскія пасады і зваліся «кармазынамі»6. Яны мелі значныя але не празмерныя сродкі і ўтрымлівалі толькі абмежаваную шляхетную кліентуру. Пры тым, што, напрыклад, Караль Радзівіл трымаў сапраўднае войска, якое ў асноўным складалася са шляхты.
Вось гэты слой, пішу папамяці і таму падаю далёка не поўны спіс родаў, ідучы пры гэтым, з усходу на захад:
– у Магілёўскай зямлі, роды Цеханавецкіх, Солтанаў, Галынскіх, Свяцкіх;
– у Віцебскай і на Інфлянтах, роды Борхаў, Шадурскіх, Бяніслаўскіх, Лапацінскіх, Ліпскіх (галіна вялікапольскага роду), галіна роду Плятэраў і роду Грабніцкіх, на самым усходзе (да першага падзелу) Ланеўскіх-Ваўкоў;
– на Меншчыне, роды Несялоўскіх, Рэйтанаў, Вайніловічаў, Ваньковічаў, Абуховічаў, Войнаў, Прушынскіх, Прозараў, Цюндзявіцкіх, Лагойскіх Тышкевічаў, Незабытоўскіх;
– на Віленшыне, роды Тызенгаўзаў, Жабаў, Юдыцкіх (усе тры згаслі), Мірскіх, Сулістроўскіх, Яленскіх, Прускіх (згаслі), Хамінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Гячэвічаў;
– на Гарадзеншчыне, роды Скірмунтаў, Старжэнскіх, Нямцэвічаў, Сегяняў, Улодкаў, Пуслоўскіх і інш.;
на Ковеншчыне – роды Гурскіх (з іх выйшлі сем жмудскіх цівуноў), Карпаў, Чапскіх (адзін з іх, паморскі, ажаніўся са зводнай сястрой «пана Каханку»), Агінскіх, Пузынаў, Белазораў, Касакоўскіх, Ваўжэцкіх, Гружэўскіх, Плятэраў, Забелаў, Белазораў, Завішаў і інш., і інш.
Гэтаму слою «паноў», згаданая грунтоўная эканамічная эвалюцыя, прынесла мала карысці. Яны і так мелі для сваіх патрэб ажно зашмат зямлі, але, каб скарыстацца магчымасцямі, не мелі капіталу і характарызаваліся адсутнасцю ініцыятывы і прадпрымальнасці – недахопам, тыповым для ўсіх сацыяльных класаў, якія даўно прывыклі да свайго росквіту. З гэтага патрыцыяту, наколькі я ведаю, выйгралі толькі легендарны палкоўнік (войска Радзівілаў) Міхал Тышкевіч, Ігнацы Плятэр у Літве, сенатар Галынскі ў Беларусі, Ксаверый Пуслоўскі, Умястоўскі7 і, нарэшце, мой прадзед Ланеўскі-Воўк – яны скарысталіся ад гэтай багатай «маёнткавай манны» і дасягнулі па-сапраўднаму вялікага багацця.
2) Яшчэ менш магла скарыстацца з сітуацыі трэцяя катэгорыя шляхты, так званая шарачковая, засцянковая ці загродавая шляхта – яшчэ вельмі шматлікая на пачатку ХІХ стагоддзя. Дзякуючы патрабаванням расійскай геральдыкі яна паступова занепадала, пакуль амаль не злілася з сялянскім класам. Гэтыя небаракі «не мелі з чаго пачаць».
3) З гэтай сітуацыі амаль выключна скарысталася толькі сярэдняя шляхта, якая валодала ад некалькіх дзясяткаў і да якіх ста – паўтараста сялянскіх сем'яў (г. зн. дымоў). Мільёны магнацкіх гектараў перайшлі ў рукі гэтай шляхты без усялякіх грашовых выдаткаў – як да крэдытораў і арандатараў. А крыху большыя маёнткі старостваў, маёнткі кляштароў і г. д., з-за недахопу капіталаў і адсутнасці канкурэнцыі, былі выкуплены імі за бясцэнак, бо прапанова значна перавышала попыт. Лад жыцця тагачаснай шляхты да сялянскай рэформы і паўстання 1863 г. і яе менталітэт у любым выпадку выключалі прыцягненне капіталу, дарэчы капітал можна было захоўваць ці толькі ў выглядзе тэрміновай пазыкі іншаму абшарніку, які меў патрэбу ў грошах і таму не выклікаў вялікага даверу, ці ў дукатах і срэбры, якія ляжалі ў мяшках і акутых скрынях.
У той час усё яшчэ пераважаў распаўсюджаны стыль часоў Сасаў (саксонскіх каралёў)8 – есці, піць і расслабляцца. Сярэднестатыстычны землеўладальнік сярэдняга калібру не жыў лепш, чым дазваляў яму маёнтак, але жыў лепш чым дазваляў яму яго даход, бо амаль не бачыў яго. Розум чалавека мае межы, але глупства бязмежнае. Знеахвочаныя нядобрасумленным «эканомам» ці «цівуном» сяляне прыносілі малы прыбытак, і яго значную частку «з'ядала» абшарніцкая гасціннасць. Да таго ж, падчас кантрактаў на «Юр'я» ці на «Юзафа» трэба было купіць запас тканін для пані і паненак, сухафруктаў і арэхаў для кладоўкі і хатняга венгерскага віна ў піўніцу – каб зрабіць гэта, трэба было ісці да Іцкі, а потым прасіць адтэрміноўку даўгоў у іншага шляхціца-скапідома. І ў выніку, яго вялікасць аддае Богу душу і пакідае сям'ю ў бядзе, але ён будзе акружаны павагай і шкадаваннем братоў-шляхты: «Шляхетны чалавек, сапраўдны шляхціц, што тут скажаш!»
Побач з ім, у значна меншай колькасці, меліся абшарнікі з памяркоўным ва ўсіх адносінах характарам. У цвярозым стане яны не сядзелі тыднямі і месяцамі ў суседзяў і сваякоў і таму маглі даглядаць сваю гаспадарку. Яны мелі дастатковы даход каб жыць камфортна, адпраўляць сыноў у школы, забяспечваць дачок дастатковым пасагам, яны маглі эканоміць грошы і карысталіся магчымасцю купіць больш вялікі маёнтак. Паміралі без даўгоў, але пакідалі толькі некалькі сотняў дукатаў на сваё прыгожае пахаванне. У пахавальнай прамове над імі, казалі: «Чалавек прыстойны, але лічыў грошы». А гэта ўжо было не вельмі добра.
І зусім рэдкім быў тып гаспадара (якіх у Францыі 9/10 сярод сярэдніх землеўладальнікаў), тып, які метадычна наглядаў за сваім маёнткам, планаваў свае выдаткі ў адпаведнасці са сваімі рэальнымі даходамі і штогод адкладваў частку гэтага даходу на «чорную гадзіну». У скарбец такога шляхціца дукаты лезлі, як мухі ў смятану.
Па-праўдзе, ураджаі з гектара былі мізэрныя, але засяваліся вялізныя плошчы, што прыносіла прыбытак. Калі я ў 1877 г. атрымаў Лаздуны, дык знайшоў гаспадарчыя запісы 1856—1861 гг. Той самы маёнтак, у якім праз 50 гадоў пры высокаінтэнсіўнай гаспадарцы, выдаткі складалі 80% ад агульнага даходу, раней прыносіў толькі 4%. Расходы былі – сціплыя заробкі эканомаў, крыху жалеза і алею для млына. Натуральна, што ледзь не палову чыстага даходу яшчэ ў 1862 г. прыносіла дармовая праца прыгонных.
Шляхціц гэтай 3-й катэгорыі, які не паіў сваiх братоў-шляхту і заўсёды меў вольныя грошы, па літаратурнаму называўся «скнарай», а па-суседску – «свіннёй».
З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат9 Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было «свінствам»: «Не па-рыцарску гэта, мой пане».
1863 г. і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 г. добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі «свіння», якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.
Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія «мушкі ў носе», аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.
У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас10.
Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец11, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай12 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся аднаўленнем маёнтка, што заняло некалькі гадоў і разам са сваёй жонкай з Шваньскіх (малодшая сястра другой пані Воўкавай), заняўся памнажэннем шляхты – яны мелі сямёра дзяцей, з якіх застаўся сын і тры дачкі. Рана аўдавеўшы, дзед даў добрую адукацыю ў Віленскай гімназіі і пансіянаце француза пана Генры свайму выключна таленавітаму сыну. Дачок аддаў за роўных яму абшарнікаў і памёр, як я памятаю, у 1856 годзе. Яго паважалі і любілі, хоць ён і «лічыў грошы». Дзед, уласна кажучы, як усе шчаслівыя людзі, не меў сваёй гісторыі.
Я меў вельмі рознабаковага, амаль што легендарнага дзеда (фактычна прадзеда) па матчынай лініі – пана Самуэля Ланеўскага-Воўка.
Нарадзіўся ён у 1768 г., быў нашчадкам вельмі заможнага кальвінісцкага роду на Віцебшчыне. Яго дзед, пан Міхал, займаў пасаду перадапошняга вялікага літоўскага пісара13. Яго бацька быў удаўцом, другі раз жанатым з Гружэўскай (са жмудскіх кальвіністаў). Калі адбыўся першы падзел 1772 г. і Кацярына ІІ загадала ўсім значным землеўладальнікам прысягнуць ёй пісьмова або адмовіцца ад сваіх уладанняў, ганарлівы пан пайшоў па прыкладу Караля Радзівіла «Пане Каханку», які такім жа чынам пазбавіўся некалькіх мільёнаў дзесяцін зямлі. Ад першага шлюбу ён меў двух 20-гадовых сыноў14, якім перадаў свае беларускія маёнткі, а сам з новай сям'ёй пераехаў у Наваградскі павет, дзе меў староства і незадоўга да другога падзелу, набыў яшчэ маёнтак Сеняржыцы. Хутка, перад другім падзелам памёр, пакінуўшы пасля сябе старэйшую дачку, баранесу Остэн-Сакен і 16-гадовага сына Самуэля. Яго яшчэ маладая ўдава праз 10 месяцаў выйшла замуж за… гувернёра свайго сына. Пакрыўджаны гэтым мезальянсам, фанабэрысты паніч падаў на інтрыгана скаргу ў суд, абвінаваціўшы яго ў атручванні бацькі, але пазбавіўся падтрымкі апекуноў і збег з дому.
Неўзабаве пасля гэтага яго сваяк, пан маршалак Шукевіч – вялікая рыба ў Лідскім павеце, знаходзячыся ў Кёнігсбергу, зайшоў у цырк і пазнаў свайго маладога сваяка на арэне вярхом на кані – ён весела размахваў бізуном. Шукевіч зацягнуў яго ў сваю кватэру, добра «намыліў» яму галаву, апрануў, як трэба, і залічыў падхарунжым у войска Фрыдрыха Вялікага, які яшчэ знаходзіўся на піку славы. Калі Чатырохгадовы Сойм загадаў усім афіцэрам замежнай службы вярнуцца і далучыцца да нацыянальнай арміі, пан Самуэль так і зрабіў. Прыехаўшы ў госці да свайго дабрадзея Шукевіча, ён закахаўся ў яго выключна прыгожую (і дурную) дачку, маю прабабулю – раз-два – ажаніўся і толькі тады задумаўся, дзе знайсці сваё гняздо? У суседнім Ашмянскім павеце прадаваўся маёнтак Якуні – частка былога Трабскага староства, больш за 4 тысячы дзесяцін. З дапамогай цесця купіў яго, пасадзіў туды жонку і бадзяўся паміж Якунямі і Вільняй, дзе раіўся з гетманам Касакоўскім15. Калі падчас паўстання Касцюшкі паўстала і насельніцтва Вільні, пан Самуэль быў у начной варце гетмана на рагу вуліцы Дамініканскай і Шварцавага завулка, каля дома, які пазней стаў домам Даўкшы. Ён даведаўся, што прыехала жонка і, каб убачыць сваю юную прыгажуню, памяняўся чаргой. Тым часам прыйшлі паўстанцы і патрабавалі аддаць ім гетмана-здрадніка. Афіцэр, які не захацеў іх прапусціць, быў забіты на месцы16.
Войска распусцілі, прадзед вярнуўся ў вёску і напладзіў тут дзяцей і куль грошай. Пасля апошняга падзелу, Кацярына ІІ аддала сенатару Мардвінаву Дудскае староства, большую частку якога складала маёмасць Лугамовічы. Мардвінаў хутка прадаў маёмасць заможнаму абшарніку Гарадзенскай зямлі Корсаку (уладальніку маёнтка Жукаўшчына), сын якога пазней ажаніўся з унучкай пана Самуэля, маёй роднай цёткай. Ён хутка зразумеў, што не дасць сабе рады з аддаленым лясным маёнткам, і прадаў яго з добрым прыбыткам, хоць і вельмі танна, пану Ваўку. Воўк адразу пачаў высякаць амаль безвартасцевыя на той час лясы і заснаваў на іх месцы новыя фальваркі і вёскі, пабудаваў у Лугамовічах прасторны драўляны «палац» і ў 1802 г. аўдавеў пры нараджэнні трэцяй дачкі. Праз некалькі гадоў ажаніўся другі раз з суседняй паннай Ганнай Шваньскай, старэйшай сястрой маёй бабкі Мілеўскай. Яна засталася бяздзетнай17.
У 1810 г. Самуэль ужо назапасіў дастаткова грошай, каб пасля эксдывізіі купіць былы радзівілаўскі маёнтак Лаздуны. У наступным годзе ён аддаў у расейскую армію свайго адзінага 17-гадовага сына Ігнацыя. У той час, асабліва дзякуючы куратару Віленскага ўніверсітэта і навуковай акругі Адаму Чартарыйскаму, Аляксандр I карыстаўся вялікай папулярнасцю ў Літве. У 1812 г., калі сын ваяваў супраць Напалеона пад Барадзіно, бацька, які застаўся ў Лугамовічах, дзякуючы сваёй знанай энергіі, тым жа Напалеонам быў прызначаны прэфектам павета і кіраваў тылам войска. У яго сядзібу прыйшлі трое вюртэмбержцаў-валацуг і пачалі шумець на кухні, дзед загадаў іх звязаць і адвесці ў бліжэйшую вайсковую каманду, пасля чаго ляпнуў за сабою дзвярыма. Тады адзін з марадзёраў паспеў стрэліць, на шчасце – праз дзверы. Але куля глыбока засела ў правую лапатку дзеда і паралізавала яму правае плячо. Праз некалькі гадоў, пад ўласнай вагой, куля выйшла, і дзеду вярнулася свабода руху. На той момант ён ужо амаль што тры гады адседзеў на выбранай пасадзе старшынём павятовага суда і да канца жыцця застаўся «панам старшынём».
У канцы 1818 г. Самуэль паслаў у Люнявіль, што ў Латарынгіі, чатырохконны воз з разумным фурманам і, вядома ж, разам з ім паслаў яшчэ і разумнага яўрэя. Ягоны сын Ігнацы служыў там у акупацыйным рускім войску і потым да канца жыцця атручваў сябе французскай літаратурай. Адразу пасля вяртання, ён ажаніўся з паннай Ляскавічоўнай з Лідскага павета і пасяліўся ў фальварку свайго бацькі Цяцерніках, дзе ён даволі хутка аўдавеў, сам памёр у 1836 г., пакінуўшы трох дачок, якіх перавялі ў Лугамовічы пад крыло бабкі-мачахі, у якой таксама меліся адна ці дзве пляменніцы, сіроты з Мілеўскіх. Самуэль вельмі цешыўся з гэтага, бо здраджваў сваёй бяздетнай жонцы і таму быў рады, што яе акружае шматлікая дзятва.
Самуэль працягваў зарабляць грошы і, нягледзячы на сваё жыццё на шырокую нагу, набліжаўся да годнасці «свінні». Страціўшы надзею пакінуць сваё прозвішча нашчадкам, ён выдаў замуж сваю малодшую дачку за заможнага жыхара Наваградскага павета, пана Адольфа Ваўка – хоць іншага герба і прыдомка (Карачэўскі) і вырашыў зрабіць спадчыннікам усіх сваіх маёнткаў іх адзінага сына Уладзіслава ў надзеі, што ён зможа перарабіць Карачэўскага ў Ланеўскага, што было няцяжка ў той час. Тры ўнучкі ягонага сына выходзілі замуж за не самых лепшых партнёраў – старэйшая Казіміра ў 1840 г., другая Вераніка (мая маці) у 1845 г. Яны атрымалі ў пасаг па 25 000 руб гатоўкай і адракліся ад спадчынных правоў18.
Майму дзеду было ўжо за восемдзесят, калі ён ледзь не вырас з «свінні» ў «бегемота». Адзін з сыноў Платона Зубава, які жыў у Маскве, уступіў у мезальянс, яго сям'я пачала круціць носам, ён стаў капрызіць і паслаў «хадатая» ў Вільню, каб хутка прадаць свае два (Кацярынінскія) вялізныя ключы Юрбаг і Таўрогі, два вялікія гандлёвыя мястэчкі на Нёмане з некалькімі дзясяткамі фальваркаў на лепшай жмудскай зямлі. Галоўныя таўстабрухі былі ўжо насычаныя, застаўся толькі адзін «пан старшыня». Яго ўгаварыла любімая дачка (яна другі раз была замужам за Мілашэўскім), якая ўжо бачыла свайго адзінага сына Уладка «шахін шахам» сярод літоўскай моладзі.
Самуэль купіў усё за паўмільёна рублёў, з якіх 400000 даў гатоўкай. Дакументы былі ўжо аформлены, грошы выплачаны, калі пра ўсё стала вядома яго суседу з-за Нёмана, самаму сардэчнаму сябру і «кіту» такога ж калібру на Уселюбскім экс-старостве (600 хат), мікалаеўскаму генерал-аншэфу, графу О'Рурку. Затаіўшы дыханне, граф махнуў у Вільню да генерал-губернатара Міркавіча і сказаў яму, што пераход у польскія рукі двух памежных мястэчкаў за трыццаць кіламетраў ад мяжы ўяўляе вялікую небяспеку для расійскай дзяржавы і, калі сам Міркавіч не звернецца да імператара Мікалая каб спыніць куплю-прадажу, дык ён, О'Рурк, паклапоціцца аб гэтым сам. Міркавіч пачаў хвалявацца за сваю пасаду і неўзабаве Мікалай скасаваў здзелку, прыняў усю маёмасць у скарб і загадаў вярнуць заплачаныя сумы Ваўку з выдаткамі і працэнтамі (у наш час, ці не глупства гэта?), Юрбарг і Таўрогі зрабіў дзяржаўнымі і аддаў маёнткі свайму фаварыту князю Васільчыкаву, унук якога (мой калега па Дзярждуме) валодаў імі яшчэ ў 1914 годзе.
Пан Самуэль неўзабаве знайшоў магчымасць «адплаціць дабром», толькі ўжо іншаму суперніку. Памёр Ксаверый Пуслоўскі, пакінуўшы чатырох сыноў, трох у краі, а чацвёртага ў эміграцыі. Яму ўдалося пазбегнуць канфіскацыі (гэта дазваляла расійскае заканадаўства для набытых маёнткаў), і ён падзяліў сваю велізарную маёмасць паміж трыма сынамі, вусна загадаўшы ім не забываць свайго брата-эмігранта, што яны добрасумленна і выканалі. У меркаваную спадчыну эмігранта, якую трэба было хутка прадаць, уваходзілі былыя маёнткі літоўскай артылерыі, якія былі падараваныя Безбародку і прададзеныя ім Пуслоўскім, а менавіта Ліпнішкі, якія набыў пан Аляксандр Вольскі з Наваградскага і Геранёны, былая рэзідэнцыя Гаштольда19, першага мужа Барбары Радзівілаўны. Гэту маёмасць жадаў купіць пан Казімір Умястоўскі, брат і спадчыннік «старасты Вывяндлінскага», пра якога Мараўскі шмат піша ў сваіх успамінах. Пуслоўскія жадалі акрамя крэдытных грошай банка (у той час дзяржаўны банк ужо выдаваў доўгатэрміновыя пазыкі па 70 рублёў за 1 сялянскую душу) 50 000 рублёў даплаты. Як толькі пан Самуэль даведаўся пра гэта, адразу паслаў па майго бацьку: «Ляці ў Вільню і купляй Геранёны». «Для дзядзькі?» «Не, я занадта стары – купі для сябе і Вэрці». «У мяне няма грошай». «Дык я дам, каб толькі Умястоўскі не панюхаў Геранёнаў».
Бацька пералічыў мяшкі з грашыма, за ноч прыехаў у Вільню і разам з маёй маці купіў Геранёны. Я тады ўжо нарадзіўся. Адразу заклалі геранёнскі палац, вельмі шчасліва выбраны маім бацькам насупраць руін замка Гаштольдаў.
Неўзабаве ўсе дынастычныя праекты пана Самуэля зруйнаваліся. Уладак Воўк служыў у гусарах, якія стаялі ў Наваградку. На нейкім афіцэрскім сходзе ён ударыў калегу, пасля чаго хутка адбылася дуэль на пісталетах, і стрэл абражанага забіў Уладка. Натуральна, прадзеду трэба было змяніць тастамант, бо інакш па расійскіх законах амаль увесь яго фундуш атрымалі б тры ўнучкі – дочкі сына. Старэйшая ўнучка, пані Дмахоўская, атрымала Якуні з вялікай даплатай, малодшая, пані Корсакава – Лаздуны з малой даплатай, мая маці – Лугамовічы з выплатай на карысць абедзвюх сясцёр і з побытам тут бабулі, пані Мілашэўскай. Сянержыцы ў Наваградкім павеце і капітал (прыкладна 400 тыс. руб.) дастаўся ўнучкам па двух старэйшых дочках – паням Чыжовай і Жабінай. Іншая маёмасць адышла як падзяка розным слугам, суседзям, на дабрачынныя мэты і г. д. Памёр дзед у 1851 г. ва ўзросце 84 гады.
Гэтаму адважнаму помніку сянкевічаўскіх часоў, Адам Міцкевіч у сваім «Пане Тадэвушу» прысвяціў восем радкоў, у якіх для ўсіх чытачоў гэтага твора зрабіў сапраўдную пачвару з нябожчыка пана Самуэля20. […]
Бацька Міцкевіча не меў сялян і таму не разумеў, што Воўк, які валодаў не менш як 4000 сялян рознага полу і ўзросту, вольна ці міжвольна павінен быў кіраваць імі. Яны былі не толькі яго працоўным інвентаром, якім ён, як добры гаспадар, павінен быў добра карыстацца і клапаціцца пра яго так, як сумленны конюх корміць і чысціць сваіх коней, але і паганяе іх пугай. Яму была даверана значная частка дзяржаўнай улады над сялянамі. У адносінах да іх на ўсёй сваёй тэрыторыі Воўк адказваў за падаткі, быў паліцыяй, цывільным і крымінальным судом і, нарэшце, павінен быў па ўласным выбары забяспечваць рэкрутаў для войска.
Усё гэта патрабавала выкарыстоўваць сваю ўладу, а ўлада ў той час рэалізоўвалася толькі ў форме… лупцоўкі. Секлі ўсе і паўсюдна. Секлі па ўсёй дзяржаве. Бацькі ад нараджэння секлі сваіх дзяцей. Яны загадвалі ім прачытаць гімн да розгі і пацалаваць яе пасля пакарання. Секлі ў школах, і сам вялікі Адам, дома ці ў школе, дзесяткі ці сотні разоў даставаў у скуру. Секлі ў паліцыі, у судзе, у войску і г. д. І пан Самуэль Воўк таксама сек шмат і па-шляхецкі. Але сек ён не толькі дзеля сваёй карысці, але і на карысць селяніна, як бесстаронна прызнае Чэслаў Янкоўскі.
Селянін нядбайна заараў або схаваў у сваім кажуху жменю зерня: 10 бізуноў без дадатку, напіўся і страціў мяшок збожжа, які вёз на продаж – 20 бiзуноў без дадатку. Той жа селянін заснуў на «начлезе» і дазволіў скрасці ўласнага каня: 25 бізуноў з падараваннем дармавога каня ад маёнтка. Люлькай выпадкова спаліў сваю сядзібу: 100 бізуноў і новыя будынкі, і г. д. Для майго бацькі і асабліва для мяне з гэтага вырасла сапраўдная эканамічная катастрофа, калі былыя падданыя ў Лаздунах і Лугамовічах былі нашмат лепш забяспечаны зямлёй у параўнанні з суседнімі гмінамі і так старанна гаспадарылі, што мне ўвесь час даводзілася змагацца з нястачай рабочых рук – улетку для ўборкі ўраджаю прасіць і потым карміць да 100 жаўнераў ці адпраўляць дзесяткі фурманак, каб прывезці людзей з суседніх гмін і г. д. Не буду паўтараць лацінскае «qui bene amat, bene castigat» (лац., «хто моцна любіць, той карае» – Л. Л.), бо Воўк, напэўна, не любіў сялян, але і ў сябе, і ў таго ж селяніна, любіў парадак і працу.
Чэслаў Янкоўскі, цытуючы вершы Міцкевіча пра дзеда, цытуе таксама яшчэ адну паэму, якую ён знайшоў у пустых пакоях у Лугамовічах. Напэўна, яна і цяпер вісіць яшчэ недзе ў Лаздунах, калі яе не пашкодзілі «пераможныя шаблі» 9-й польскай дывізіі падчас гадавога побыту. Гэта аздоблены малюнкамі вінаграду і персікаў, цудоўна, каліграфічна напісаны акраверш старога сябра дзеда Самуэля – пана Адама Рымашэўскага, дзедзіча маёнтка Бабінск, мужа пані Евы з Гарабурдаў21, дзедзічкі Ятатловічаў, што мяжуюць з Лаздунамі. У паэме гэтага другога Адама, Міцкевічавы «злыдзень» прадстаўляецца ягнём божым, беззаганным голубам, супернікам калі не арханёла Гаўрыіла, дык прынамсі, св. Францішка Асізскага ці Вінцэнта дэ Поля22.
Каму ж тут верыць? Я гатовы вырашыць гэтую супярэчнасць шляхам кампрамісу і прызнаць, што пан Самуэль Воўк быў чалавекам свайго часу і асяроддзя, выкарыстоўваў дадзеную яму ўладу сродкамі, адпаведнымі свайму часу і свайму асяроддзю і, як і лепшыя са смяротных, меў недахопы, адпаведныя яго вартасцям: дзейсны, гаспадарлівы, энергічны і ў той жа час патрабавальны, суровы і запальчывы. Такая ўзаемасувязь пераваг і недахопаў з'яўляецца законам прыроды, якому цалкам падпарадкоўваўся сам Адам Міцкевіч. […]
Што да маіх бацькоў, дык я ўжо казаў, што мой бацька, пан Аскар, скончыў пансіён пана Генры і віленскую гімназію з залатым медалём. Маючы шасцярых дзяцей і добры, але не вялікі маёнтак, дзед Гіпаліт адправіў яго ў пошуках кар'еры ў Пецярбург. Няведанне мовы (у Вільні па-ранейшаму навучанне вялося на польскай мове) і адсутнасць дзейснай пратэкцыі адбілі яму ахвоту да кар'еры, і праз паўгода бацька вярнуўся ў Вільню. Сябар бацькі, пан Сідаровіч, першы адвакат у нашым краі, узяў яго ў памочнікі. Умелы, дасціпны, з добрым веданнем французскай мовы, якая ў той час панавала ў «бамондзе», бацька меў поспех у грамадстве, каралевамі якога тады была «камтэса» (графіня) Лапацінская і княжна Вітгенштэйн23 (у дзявоцтве Баратынская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры. Адначасова мой бацька «цешыў музы» – напісаў лібрэта да адной з опер свайго добрага знаёмага кампазітара Манюшкі24.
Амаль адначасова са скасаваннем уніі, Мікалай І па настойлівай просьбе маршалкаў Кіеўскай і Падольскай губерняў, «найміласцівейша» скасаваў Літоўскі статут (акрамя Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў) і замяніў яго 10-м томам Зводу законаў з заменай вуснай і адкрытай працэдуры на пісьмовую і таемную. Кар'ера бацькі адразу зруйнавалася. Засталася толькі традыцыйная шляхецкая маці-зямля. Дзядзька бацькі і мой прадзед па маці, які ўжо адчуваў цяжар ўзросту, да таго часу выкупіў з арэнды Лаздуны і прапанаваў бацьку ў арэнду суседнія Якуні, дзе ён і асеў вясной 1844 года. У наступным 1845 г. ён ажаніўся з Веранікай – малодшай унучкай свайго дзедзіча і дзядзькі, і яны пачалі кожны год нараджаць дзяцей.
У 1849 г. амбіцыйны віленскі жандар «высмактаў з пальца» вялізную палітычную «змову», у якую ўцягнуў усе навуковыя кадры, якія засталіся пасля Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама тых, хто выклікаў падазрэнне сваёй адукацыяй, г. зн. меў схільнасць да рэзанёрства25.
Мой бацька трапіў у турму і прасядзеў там амаль што два месяцы. Тым часам з Пецярбурга быў прысланы шляхетны генерал-маёр Назімаў26 (будучы віленскі генерал-губернатар), які раскрыў махінацыю і без допыту вызваліў усіх вязняў, у тым ліку і майго бацьку. У гэтай турме ў яго пачаліся пакуты, якія пазней, з-за праблем пасля смерці прадзеда Ваўка (калі па просьбе свайго швагра Корсака бацька ў крэдыт адкупіў у яго маёнтак Лаздуны), развіліся да такой ступені, што ён перанёс некалькі моцных кровазліццяў з горла.
Перапалоханая маці склікала ўвесь віленскі арэапаг эскулапаў, якія аднадушна вырашылі, што гэта не можа быць ні чым іншым, як толькі сухотамі ў апошняй ступені, і параілі маці хутчэй адвезці мужа ў Ніцу – няхай небарака хоць памрэ пад прыгожым небам. Бацькі спыніліся ў Берліне, дзе знакаміты ў той час прафесар Шонлайн дасканала агледзеўшы хворага, сказаў яму, што хацеў бы лёгкія бацькі захаваць у спірце бо такіх магутных і здаровых ён яшчэ не сустракаў. Але з-за шматгадовых пакутаў печань так моцна набракла, што ціснула на лёгкія, якія ўяўляюць з сябе губку – адсюль і кровазліццё. Ён загадаў нам хутчэй ехаць альбо ў Карлавы Вары да крыніцы з лекавай вадой, альбо ў Вішы да Гранд-Грыль. Мае бацькі выбралі апошняе, бо жадалі пазнаёміцца з Францыяй і адбылося гэта неўзабаве пасля перавароту Напалеона III, 2 снежня 1851 года. Правёўшы некаторы час у Парыжы, восенню 1852 г. яны пасяліліся ўжо ў дабудаваны новы «палац» у Геранёнах, адкуль і пачынаюцца мае дзіцячыя ўспаміны.
Іх вяртанне прывяло да таго, што эскулапы на працягу некалькіх гадоў адпраўлялі ўсіх хворых у Вішы як да крыніцы цудаў (Лурд яшчэ не быў вядомы), адкуль некаторыя вярталіся нібыта здаровымі.
З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры «рэфарматара чалавецтва», якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага «зубра», перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць «цэнтрыстам» і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.
Раздзел II. Дзіцячыя гады
Звычайна дзіцячая памяць праходзіць праз дзве розныя фазы: вадкую фазу, калі ўражанні ствараюцца і губляюцца амаль імгненна, і фазу зацвярдзення, калі гэтыя ўражанні ўжо ўгравіраваныя ў памяць, нібы на медную пласціну і застаюцца там назаўсёды. Гэтак для мяне раптоўна сталася ў сакавіку 1855 г.
Яшчэ і сёння бачу, як мы, чацвёра дзяцей, гуляем у прасторным пакоі бацькоўскай хаты ў Геранёнах пад наглядам маладой і сур'ёзнай маці. За вокнамі праязджае фурман, і праз некалькі хвілін мой бацька, тады гадоў трыццаці, жвавы і стройны чалавек, улятае ў пакой, скача, як маладое жарабя, размахвае разгорнутай газетай і крычаць: «Вэрцю, Вэрцю, Мікалая д'яблы забралі!» Такая адбылася ў нас «паніхіда» па Яго Імператарскай Вялікасці Мікалаю I Паўлавічу, усерасійскім самадзержцы і польскім каралі. Дзеці атачаюць бацькоў і просяць тлумачэння, а потым у маю выключна польскую і каталіцкую галаву ўваходзіць думка, што акрамя нас, суседзяў, сям'і і службы (хто тады думаў пра «беларускую нацыянальную меншасць») ёсць нядобрыя людзі, якія называюцца рускімі з нейкім паскудным Мікалаем на чале, які нас прыгнятае.
Падзея была настолькі важнай, што некалькі дзён служыла галоўнай тэмай размовы маіх бацькоў за сталом. Вырашылі, што на зіму мы пераедзем у Вільню, тады ўжо свайго роду сталіцу, і таму бацька туды хутка паехаў здымаць прыдатную кватэру.
Увосень мы пераехалі ў Вільню ў дом княгіні Пузыні, а неўзабаве і да нейкага яўрэя. Гэта быў год шляхецкіх выбараў, якія адбываліся кожныя тры гады. На іх выбіраліся губернскія і павятовыя маршалкі, члены суда і школьныя куратары. Гэткую пасаду займаў мой бацька. Па звычаі, багацейшыя памешчыкі частавалі шматлікую шляхту на выключна мужчынскіх вечарах. Звычайна гэта адбывалася ў адным з трох галоўных віленскіх «гатэляў», а дакладней, як тады казалі, заезджых дамах, бо туды прыязджалі з усімі сваімі рэчамі, пасцелямі, самаварамі і г. д.
Я не ведаю, чаму, магчыма, з жадання паказаць, якім прыгожым і хуткаспелым хлопчыкам я тады быў, мой бацька паслаў аднаго са сваіх маладых сяброў па мяне і правёў мяне па некалькіх салонах, дзе праходзіў збор. Гэты першы кантакт з суграмадзянамі зрабіў на мяне вельмі непрыемнае ўражанне, магчыма, таму, што я быў дзіцём з занадта вытанчаным выхаваннем – вярнуўшыся да маці, я расплакаўся. Шум, выпіўка, бутэлькі шампанскага на ўсіх сталах, лужыны віна на падлогах, гучныя падвышаныя галасы, смех, нібы ржанне коней, размашыстыя рухі – усё гэта толькі гарнітурамі адрознівалася ад шуму сялян каля карчмы ў Геранёнах, міма якой мы праходзілі пасля вячэрні ў святочныя дні. Гэта былі апошнія парэшткі старых шляхецкіх звычаяў, сведкам якіх я быў. Бо, калі праз некалькі гадоў я падлеткам вярнуўся на радзіму, каласальны псіхічнае і маральнае ўзрушэнне, выкліканае вызваленнем сялян і адменай паншчыны, ужо адбілася на ўсім укладзе і жыцці нашай літоўскай шляхты.
Ужо некалькі месяцаў у нас новы генерал-губернатар – усемагутны сатрап, генерал-ад'ютант Назімаў. Ён быў чалавекам выключна ўзнёслых і высакародных пачуццяў, якія хоць і ў гамеапатычнай прапорцыі ў параўнанні з дзікунствам або маральнай гніллю, можна было бачыць у расійскім грамадстве ажно да рэвалюцыі 1917 года. Гэтым прызначэннем замест суровага (хоць і шляхетнага) генерала Бібікава, мы абавязаны прыроднай помслівасці Аляксандра II, якую ён атрымаў у спадчыну ад бацькі і дзеда і пакінуў у спадчыну сыну і ўнуку. Справа ў тым, што калі ў 1849 годзе ў Вільню быў прызначаны фаварыт Мікалая I Бібікаў (брат кіеўскага генерал-губернатара, ён пакінуў па сабе дрэнную памяць), Аляксандр II, які меў ужо ў 32 гады, спадчыннік трона і старшыня Дзяржаўнага савета, пажадаў, каб Бібікаў узяў з сабой у Вільню добрасумленнага гвардзейца, таварыша Аляксандравых гулянак, які з-за розных свавольстваў вымушаны быў пакінуць полк. Але добрасумленны жаўнер Бібікаў адмовіўся, бо лічыў, што едзе ў выключна чужую ў нацыянальным сэнсе краіну (у чым тады не сумняваўся ніводны рускі) і горад, дзе сярод тысяч мясцовых чыноўнікаў будзе толькі які тузін расейцаў – таму ён абавязаны, каб гэтая жменька выключна добра прадстаўляла расейскае грамадства, а вядомая асоба – сябар вялікага князя, можа ўсіх скампраметаваць.
Нецярплівы вялікі князь сказаў: «Ваша правасхадзіцельства, напэўна, забывае, што вас просіць спадчыннік пасаду?» На што горды генерал адказаў: «Я спадзяюся, што не перажыву свайго манарха, які маладзейшы за мяне, але пакуль я служу, я буду служыць пануючаму імператару, а не таму, хто магчыма потым будзе замест яго». Аляксандр II не дараваў гэтага, і першыя два акты, якія ён падпісаў як імператар былі: адзін – пра нейкія змены мундзіраў гвардыі, за што атрымаў мянушку «Аляксандр – кравец», другі – пра адстаўку Бібікава.
Як я раскажу пазней, гэтая змена не была добрай для нас, але яна была вельмі карыснай для маіх бацькоў. Справа ў тым, што пасля апошніх няшчасных родаў (дзіця пражыло некалькі гадзін) стан здароўя маці пастаянна пагаршаўся, і скончылася гэта поўнай стратай голасу27. Бацька ажно з Магілёўскай губерні хутка прывёз далёкую сваячку па кальвінах, панну Камілу Мацкевіч, 20-гадовую вельмі прыгожую і абаяльную жанчыну, якая павінна была стаць кампаньёнкай маці. На працягу 7 гадоў, пакуль да маёй маці не вярнуўся голас, яна была для яе неацэнным таварышам, а для нас стала старэйшай сястрой. Я і сёння не магу ўспамінаць яе без смутку.
Бацька вырашыў вывезці маці за мяжу «да тых, хто ведае», як мне пазней сказаў адзін з нашых лекараў, але трэба было атрымаць пашпарт, а гэта было вельмі складана. Крымская вайна ўжо скончылася, але Парыжскі кангрэс яшчэ засядаў. За кожны замежны пашпарт трэба было не толькі заплаціць тысячу рублёў срэбрам, але і атрымаць адмысловы дазвол ад самога імператара. Годны Назімаў, які яшчэ з часоў «канспірацыі» 1849 г. меў асаблівую пашану да майго бацькі, дазволіў нам гэтыя пашпарты. Бацькі выехалі ў лютым з маім старэйшым братам Ігнацыем, да якога мая маці ад яго нараджэння была надзвычай прывязаная, а маю сястру Мэры, мяне і майго малодшага брата Аскара адправілі ў Геранёны з паннай Келер у якасці настаўніцы, у апошні момант Камілка Мацкевічаўна паехала з намі як віцэ-маці.
Каля Вялікадня мой малодшы брат Аскар захварэў і маланкава памёр. Нашу пабожную і экзальтаваную маці вельмі глыбока закранула гэтая страта, яна лічыла, што мацярынскі абавязак не дазваляў ёй разлучацца са сваімі маленькімі дзецьмі. Але яна сама пакутавала ад цяжкай і працяглай хваробы і не магла вярнуцца да нас. Таму папрасіла бацьку прывесці нас да яе. Панну Келер звольнілі, і нас суправаджала панна Каміла. З начоўкамі, на сваіх конях, мы паехалі ў Вільню і Коўню, потым дабраліся да Вержбалава, дзе нас чакаў бацька. У Сталупянах пераначавалі і на другі дзень дабраліся да Круляўца. Тут толькі пачыналася сталая чыгуначнае сувязь з астатнім сусветам. Здаецца, на адным цягніку мы дабраліся да Бад-Эмса, таго самага, у якім праз 58 гадоў мяне заспела сусветная вайна і дзе мая маці тады праходзіла лячэнне, рэкамендаванае берлінскім др. Шонлайнам. Але тут яна не адчула ні найменшага паляпшэння, і таму мы паехалі ў Парыж, дзе мой бацька, па парадзе доктара Галянзоўскага, які на той час карыстаўся выключным уплывам сярод польскіх эмігрантаў, вырашыў даверыць маю маці апецы сусветнавядомага доктара Трусо. Гэты доктар сцвярджаў, як аказалася слушна, што ніякай спецыфічнай хваробы органаў дыхання няма і страта голасу з'яўляецца выключна вынікам малакроўя і нервовай слабасці і таму, як толькі агульны стан палепшыцца, голас вернецца. Аказалася, геніяльны француз меў рацыю, але лекавацца трэба было яшчэ шмат часу. Спачатку мы паехалі на ўзбярэжжа, у вядомы пазней на ўвесь свет Трувіль, на той час яшчэ невялікі горад. Увосень вярнуліся ў Парыж, і бацька, пасяліўшы нас у даволі прасторнай кватэры на Елісейскіх палях (за якую, цалкам мэбляваную, плаціў вялізную суму ў 350 франкаў у месяц) і, як таго ўжо патрабаваў наш узрост, знайшоў нам настаўніка містэра Рычэра, а для маёй сястры – настаўніцу абсалютна класічнага тыпу, панну Чарын. Пасля чаго сам вярнуўся дахаты, дзе яму трэба было наглядаць за 20 фальваркамі, раскіданымі ў трох частках павета, а таксама вырашыць праблему са спадчынай пасля смерці свайго бацькі і цёткі Воўкавай, яны абодва памерлі ў 1856 годзе. Да таго ж, нарэшце, паўставала вялікае пытанне сялянскай рэформы. Тыя 1856 і 1857 гады, на працягу якіх штодзень развівалася мая дзіцячая галава, да сённяшняга дня пакінулі ўва мне яркія і самыя прыемныя ўспаміны. Усё вакол мяне было нечаканым. Пад мудрым кіраўніцтвам вялікага Трусо да маці вярнуўся не толькі голас, але і моц. Панна Каміла аказалася анёлам дабрыні, клопату і добрага гумару, а пан Рычэр як па характары, так і па выкладанні быў узорным настаўнікам. Ён і панна Чарын хутка прывілі мне прынцыпы грунтоўнасці і пачуцця абавязку, выгадавалі ў мяне амбіцыі ўсё рабіць добра, г. зн. прынцыпы, якія тады былі агульнай рысай французскага адукаванага класа.
Маці мела ў Парыжы сваяка, пана Уладзіслава Лясковіча, стрыечнага брата яе маці, с. п. Воўкавай. Эмігрант з 1830 г., яшчэ ў росквіце сіл, бо далучыўся да паўстання яшчэ студэнтам першага курса Віленскага ўніверсітэта, адукаваны і вельмі набожны, ён меў характар падобны да рымляніна-хрысціяніна. Карыстаўся бязмежнай павагай сярод тагачаснай эміграцыі. Самотны з 26 гадоў, ён палюбіў нашу сям'ю як сваю родную і хутка, дзякуючы панне Каміле, якая ўсім падабалася, стварыў вакол маёй не вельмі рухлівай з-за хваробы і нямой маці, цэлае кола блізкіх і цёплых сяброў. Увогуле, у мяне засталіся самыя лепшыя ўспаміны пра гэтых ветэранаў лістападаўскага паўстання (паўстання 1831 г. – Л. Л.), пра якіх пасля вайны 1870 г. і Парыжскай камуны, мой патрон і сябар, пан Леан Клямент, […] сказаў наступныя словы: «Il ne sont pas forts, oh que non, mais quelles braves gens!»28 («Яны не героі, не, але якія яны добрыя людзі!», фр. – Л. Л.).
Акрамя Лясковіча нашымі частымі гасцямі былі пан маёр Буката (блізкі сусед дзеда Мілеўскага па ягоным Цыціне) і паны Грынявецкія – ён, былы афіцэр літоўскага корпуса, ужо не вельмі малады, але заўсёды вясёлы і дасціпны, дзякуючы пратэкцыі Ксаверыя Браніцкага меў добрую працу бухгалтарам і касірам пры двары князя Напалеона, стрыечнага брата Напалеона III, дзякуючы чаму яго сям'я займала ўтульныя апартаменты ў палацы Пале-Раяль. У 1831 г. Грынявецкая засталася з першым сынам у сваім фальварачку на Гарадзеншчыне, а потым, з жаночай упартасцю, неяк дабралася да мужа ў Францыю, дзе ціха, сціпла і мужна правяла з ім у галечы 20 гадоў і нарадзіла яму тут яшчэ сына і дачку. За 25 гадоў за мяжой, нібы закансервавалася духам. Літоўская шляхцянка, яна ледзьве магла ламана размаўляць па-французску з неапісальным акцэнтам, але была пры гэтым бясконца добрай. Грынявецкія мелі трох дзяцей: Людвік, пазнейшы муж малодшай дачкі Адама Міцкевіча (Хелены), пачынаў інжынерам-чыгуначнікам, другі сын Вітольд тады вучыўся ў цэнтральнай школе на архітэктурным аддзяленні, малодшая дачка Хелена, гадоў 18-ці, непрыгожая, але чароўная, адразу як родную сястру палюбіла нашу панну Камілу і называла нашу маці, як і мы – «мамуняй». Яна вельмі часта начавала з Камілкай у нас. Сябравалі мы і з сям'ёй гісторыка Караля Сянкевіча, у якой было трое дарослых сыноў. На ўсіх «нядзелях» маёй маці прысутнічалі дзве яшчэ незамужнія дачкі Адама Міцкевіча, якія нядаўна засталіся без бацькі сіротамі, у асноўным імі апекавалася спадарыня Ляона Фаўхер з дома Валоўскіх (сястра вядомага эканаміста), удава міністра асветы Другой рэспублікі. Часта наведваў нашу маці, якую вельмі ўпадабаў, стары генерал Дэмбінскі – герой 1831 г., а потым і Венгерскага паўстання 1848 г.
Усе нашы знаёмыя належалі да лагера князя Адама Чартарыйскага, які захаваў свае галіцыйскія маёнткі і трымаў як бы сапраўдны каралеўскі двор у сваім гістарычным палацы – гатэлі Ламбер на востраве Сен-Луі, вельмі ўдала набытым на самым пачатку эміграцыі. Французскі ўрад абыходзіўся з ім як з кіраўніком правячай партыі. Асобаў з нашага краю, якія яшчэ толькі павінны былі ў апошняе дзесяцігоддзе Другой імперыі ўвайсці ў моц, у той час у Парыжы амаль што не было.
На пачатку лета маці з усім сваім гняздом пасялілася ў Д'епе, бо галоўным элементамі яе лячэння было марское купанне і як можна больш працяглае знаходжанне ля мора. Ужо тады нашы бацькі вырашылі выхоўваць нас у Францыі і па парадзе доктара Галянзоўскага29 пасля вакацый памясцілі нас у першакласным пансіёне пана Кузіна на вуліцы дзю Рашэ, на мяжы паміж уласна горадам і прадмесцем «Бацінёл», дзе была вельмі вялікая польская школа (250 вучняў)30.
Перад ад'ездам у Д'еп бацькі заўважылі, што мы ўжо амаль што цалкам сталі французамі. Каб не дапусціць гэтага, бацька даў нам на ўсё лета рэпетытара пана Касакоўскага, узятага з польскай школы ў Бацінёле, які меў абавязак размаўляць з намі толькі па-польску.
[…]
[У раздзеле ІІІ аўтар піша пра сваю вучобу ў школах Парыжа.]
Раздзел IV. Перад паўстаннем. Канікулы 1860, 1861, 1862 гг.
У 1860 г., калі ўжо чакалася, але не абвяшчалася вызваленне ад прыгону і надзяленне сялян маёмасцю, але ўсё яшчэ дзейнічалі сярэднявечныя адносіны, здароўе маёй маці палепшылася да такой ступені, што яна магла шаптаць і таму ўсё больш жадала вярнуцца ў край. Бацька з усім абозам, з Камілкай, якая стала амаль што францужанкай і Хеленкай Грынявецкай, якая хацела пазнаёміцца з Бацькаўшчынай, павёз нас на вакацыі на радзіму. Гэтым разам мы даехалі цягніком аж да Вержбалава, на мяжы паміж Прусіяй і Расійскай дзяржавай.
Некалькі дзён перад ад'ездам на вёску мы правялі ў Вільні. Паколькі, дзякуючы маёй заўчаснай адукацыі і маленькаму росту, я выглядаў надзвычай разумным хлопчыкам, а мой бацька любіў паказаць сваю французскую мову, ён паўсюдна браў мяне з сабой. Старая Вільня, акрамя выключна яўрэйскіх, агідна брудных і смярдзючых раёнаў, фактычна абмяжоўвалася трыма галоўнымі артэрыямі: вуліцай Вялікай і Замкавай, яе працягам паміж Вострабрамскай і Катэдрай, а таксама вуліцамі Святаянскай, Дамініканскай, Троцкай, Нямецкай і Віленскай. Праз кожныя некалькі крокаў мы мусілі спыняцца, каб павітацца з бацькавымі сябрамі і сказаць ім некалькі слоў. З гонарам магу сказаць, што ў Вільні ў той час і да канца 1862 г. я ніколі не чуў ніводнага слова на аніводнай мове, акрамя польскай (ці яўрэйскай). Простыя людзі вясковага паходжання, г. зн. беларусы ці летувісы, не карысталіся ў горадзе сваім дыялектам, чыноўнікі, нібыта рускія, усе былі палякамі, а суды абіраліся толькі шляхтай. Сярод вышэйшых службовых асоб меліся толькі генерал-губернатар Назімаў, цывільны губернатар Пахвіснёў і прэзідэнт падатковай палаты дэ Раберці. Усе трое – паважаныя і любімыя (а нават і ненавісны прыдзіра паліцмайстар Васільнеў) размаўлялі з палякамі толькі па-французску, а некалькі дзесяткаў другарадных чыноўнікаў добра валодалі польскай мовай. Нават Аляксандр ІІ, наведваючы так званыя «забраныя правінцыі», калі пераязджаў Дзвіну ці Днепр, карыстаўся толькі французскай мовай. Значна пазней князь Уладзімір Чацвярцінскі, шматгадовы прэзідэнт нашага паляўнічага клуба ў Варшаве, казаў мне, што ў тым жа 1860 г. ён быў на Падоллі на вельмі вялікім абедзе, дадзеным падольскай шляхтай Аляксандру II у шатры. У канцы абеду ўстаў усхваляваны шляхціц і грымотным голасам закрычаў: «А я яшчэ п'ю за здароўе Найяснейшага Пана!». На гэта імператар, напалову ўстаўшы, падняў келіх і з ветлівай усмешкай, з добрай вымовай, адказаў: «Вялікі дзякуй, шаноўнаму пану». Вядома, што да 1830 г. (Аляксандру ІІ было ўжо 13 гадоў), Мікалай І даваў свайму старэйшаму сыну польскага настаўніка як спадчынніку польскага трона.
З вялікай радасцю мы правялі ўвесь адпачынак у сельскай мясцовасці, асабліва падчас так званых дажынак, арганізаваных для прыгонных сялян, хоць і са спазненнем, але па-чарзе у 4-х бацькоўскіх ключах: Геранёнах, Лугамовічах, Лаздунах і Цыціне. Дажынкі святкаваліся з бясконцай колькасцю вяндліны, каўбас, кмінных сыроў, бочак піва, вёдзер мёду (гарэлкі не было) і танцаў на траве пад гукі прыдворнага дзедаўскага аркестра «артыстаў», якіх бацька размясціў па сваіх 20 фальваркаў як больш-менш карысных эканомаў і збіраў іх толькі на падобныя ўрачыстасці.
Тады нашы сяляне і сялянкі не мелі ні найменшага паняцця пра пінжакі, станікі і капелюшы. Яны насілі, у тым ліку і ў касцёл, свае традыцыйныя народныя строі, такія ж, як і ў часы караля Ягайлы, у мужчын нязграбныя, а ў кабет вельмі маляўнічыя і рознакаляровыя, са шматлікімі радамі рознакаляровых пацерак на грудзях і асабліва з багатымі і казачнымі галаўнымі жаночымі ўборамі. Праз дзесяць гадоў ад гэтага не засталося і следу. Натуральна, што мае тагачасныя псіхалагічныя даследаванні не маглі быць глыбокімі, але я павінен шчыра сказаць, што падчас гэтых трох святкаванняў дажынак у 1860, 1861 і 1862 гадах, я не адчуваў ніякай варожасці вёсак да панскіх маёнткаў. А з празмерна шматлікай дваровай прыслугай адносіны былі цалкам сардэчнымі, нават з адценнем фамільярнасці, якая праз некалькі гадоў саступіла месца цырыманіяльнай, але менш прыязнай ветлівасці.
Ва ўсіх маёнтках, бацька, сам добры вершнік, падрыхтаваў для кожнага з нас адпаведнага верхавога каня і ладзіў паляванне з хартамі. Наведалі мы і пяць цётак з боку бацькі і маці, у кожнай з якіх мелася вялікая колькасць дзяцей. За выключэннем адной, усе яны жылі ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Геранён.
Падарожжа адбывалася наступным чынам.
На шляху мы заўсёды абедалі і мелі хаця б адзін начлег. Таму паперадзе нас на возе ехаў конюх і папярэджваў яўрэяў-карчмароў, каб тыя гналі ўсіх гасцей і пачыналі прыбіраць свой заезны дом. Праз тры гадзіны за ім ехаў сапраўдны караван у наступным складзе: першым – Яснавяльможны пан, адзін у карэце, запрэжанай чатырма коньмі. Другім – так звазваны кочабрык31 запрэжаны чацвёркай, у ім ехалі панічы з гувернёрам. Падчас пастою бацька па-чарзе клікаў аднаго з сыноў да сябе і вёў з імі размову, а фактычна, маналог, у якім расказваў вельмі цікавыя і павучальныя падрабязнасці са свайго былога жыцця ў краі і чытаў вельмі доўгія і яшчэ больш нудныя маралі пра ўсё тое, што трэба рабіць у жыцці, а чаго трэба пазбягаць, інакш … «марна згінеш».
За панічамі ехала вялізнае матчына ландо на стаячых і вельмі чуллівых рысорах, якое так гайдалася па нашых пясчаных, камяністых і гразкіх літоўскіх дарогах, што наша бедная сястра амаль што ўвесь час хварэла на марскую хваробу. Гэты Ноеў каўчэг быў запрэжаны 6-цю вялізнымі коньмі – 4 поруч і 2 на лейцах, ён вёз на козлах старшага фурмана, а побач з ім бацькоўскага камердынера. Унутры ландо ехала маці, Камілка Мацкевічоўна ці на змену Хеленка Грынявецкая з нашай сястрой, а на прычэпленым ззаду сядзенні, падобным на крэсла, – пакаёўка.
Заканчвалася шэсце вялізнай, спецыяльна для гэтага пабудаванай фурай, таксама з чатырма коньмі, але ўжо без рысор. На ёй ехалі кухар, дзяўчына і цэлы стос матрацаў, падушак, коўдраў, прасцінаў, медніц, збаноў, самавараў, рондаляў, патэльняў, усякія харчы і закускі – усё гэта было закрыта ад дажджу нявырабленымі скурамі. Караван ехаў з сярэдняй хуткасцю 10 кіламетраў у гадзіну і максімум 70 кіламетраў ад раніцы да вечара, пры гэтым уначы ўсе спалі, а коні пасвіліся колькі хацелі ці, як раіла надвор'е. Акрамя страт часу, пра якія стары чалавек ведае – вынікі спешкі не вартыя выдаткаў на іх, такая вандроўка была нашмат прыемней і камфортней, чым у сучасных «спальных вагонах», «вагонах-рэстаранах» і асабліва на аўтамабілях ці самалётах, якія ствараюць ўражанне, што ты – канверт або бандэроль на пошце.
Усе двары нашых цётак тады лічыліся заможнымі. Аднак у «палацах» было ўсяго дзясятак-другі пакояў, з якіх не менш за 4 былі так званымі параднымі, але за стол гаспадароў часта сядалі ці нават начавалі не менш за 30 чалавек. Усе былі сытыя, але куды яны ўсе месціліся і дзе спалі? Гэта атрымлівалася, бо меліся незлічоныя запасы пасцельнай бялізны, наскубаных за пакаленні падушак, розных, часова пустых гаспадарчых пабудоў, а галоўным чынам з-за дабраславёнай неразборлівасці і сціпласці патрабаванняў. Можа, мы зноў вернемся ў тыя часы, калі прыйдзе Савецкая Расія.
На пачатку кастрычніка ўсе акрамя бацькі, вярнуліся ў Парыж да свайго ранейшага ладу жыцця.
Азіраючыся на 1860 г., я магу сказаць, што хоць, натуральна, старэйшыя за мяне людзі не давяралі мне свае праекты і мары, але тады, як і сёння, вучань 4-га класа быў значна больш разумным, чым лічылі дарослыя, і я шмат што ўбачыў, падслухаў і шмат у чым разабраўся. Акрамя таго я карыстаюся думкамі майго мудрага бацькі, які ў той час не ўпускаў магчымасці, каб пашырыць мой кругагляд.
Маё рэтраспектыўнае ўражанне такое, што ўвосень 1860 года, іскра, якая павінна была запаліць увесь еўрапейскі пажар, г. зн. экспедыцыя Гарыбальдзі на Сіцылію ўжо ўспыхнула, але яе ўплыў на грамадства ў маёй краіне ўсё яшчэ было немагчыма заўважыць. Так, пасля ўступлення на пасад Аляксандра ІІ польска-расійскія адносіны ў значнай ступені змякчыліся і палагаднелі, што ўзмацніла ліберальныя намеры Аляксандра ІІ, у прыватнасці, яго цвёрдую рашучасць правесці сялянскую рэформу, якая сутыкнулася з шалёным супраціўленнем расійскага дваранства і арыстакратыі, а ў нашым грамадстве яго намер нават выклікаў сімпатыю. У 1859 годзе віленская шляхта першай звярнулася да імператара з патрабаваннем адмяніць прыгоннае права, і гэта зблізіла яго з нашай шляхтай. Далей цар прыняў запрашэнне на паляванне, арганізаванае для яго братамі Міхалам і Юзафам Тышкевічамі. Потым адбыўся вялікі баль, дадзены шляхтай у яго гонар у бальнай зале камяніцы, пабудаванай князем Агінскім побач з дваранскім клубам спецыяльна для гэтай мэты. Сардэчнасць прыёму цару так спадабалася, што, калі на пачатку 1861 г. на прускі трон узышоў будучы імператар Вільгельм і адразу ж абвясціў аб сваім візіце маладзейшаму па ўзросце, але старэйшаму на троне пляменніку Аляксандру II, той запрасіў яго ў Вільню, каб паказаць добрыя адносіны, якія склаліся паміж ім і яго падданымі і таму даў зразумець шляхце, што хацеў бы, каб баль паўтарыўся. Гэта запрашэнне на вальс спачатку было ахвотна прынята шляхтай, але калі як прэлюдыя да паўстання пачаліся варшаўскія дэманстрацыі, запрашэнне было самым няўклюдным чынам адклікана, чаго помслівы Раманаў ніколі не забыў і не дараваў.
2 (14) лютага 1861 г. быў апублікаваны маніфест у якім абвяшчалася вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці і абшарніцкай улады над імі. Сялянам прадстаўлялася поўная ўласнасць на іх надзелы з адпаведнай платай спадчынніку грашыма, але пры гэтым фактычнае правядзенне рэформы адкладвалася на два гады, каб даць абшарнікам час для ўвядзення новых працоўных адносін, пабудовы неабходных гмахаў і пераходу ад прымусовай і дармовай працы да свабоднай і платнай.
Усё гэта чакалася шляхтай, але на галовы надзвычай цёмнага вясковага люду, які больш чым на 98% складаўся з непісьменных людзей, калі па загаду ўладаў пра яе чыталі са ўсіх праваслаўных і каталіцкіх амбонаў, справа прыйшла як нешта зусім незразумелае. Ніхто не разумеў неабходнасці двухгадовага тэрміну, наданне права ўласнасці многія сяляне распаўсюджвалі на ўсе землі, якія дагэтуль апрацоўвалі – на свае надзелы і на зямлю панскіх фальваркаў, і можна толькі здзіўляцца, што гэтая нязграбная працэдура не справакавала куды больш шырокія і крывавыя беспарадкі, чым тыя, якія мелі месца.
У нашым краі, зрэшты, нідзе не было хваляванняў у маёнтках, якімі кіравалі самі гаспадары, бо дзякуючы наогул добрым адносінам са сваімі падданымі, яны лёгка з імі паладзілі32. Але на мяжы з Лугамовічамі, маёнткам маёй маці (пазней маім), знаходзіўся вялізны маёнтак і зусім невялікае мястэчка Іўе, якое ў акружнасці каля 30 кіламетраў служыла гандлёвым цэнтрам і належала графіне Замойскай з Тызенгаўзаў. З незапамятных часоў тут ніхто не бачыў дзедзіча і маёнткам кіраваў неўдалы пан Ятэйка які, напэўна, пачуўшы пра маніфест, страціў прытомнасць. І на першым жа кірмашы, якія тады абавязкова суправаджаліся моцнай выпіўкай, пачалося хваляванне, яно ўзмацнялася з кожнай гадзінай і перакінулася на суседнія маёнткі. Сабраўся шматтысячны натоўп, які начаваў у фурманках пад адкрытым небам. Натуральна, ніхто не ведаў, чаго ён хоча і нават пра што ідзе гаворка, але людзі цягнуліся сюды па сялянскай звычцы без усялякай зброі, нават ручной, кажучы: «Як усе, гэтак і я». Стары Ятэйка адразу страціў галаву і схаваўся ў плябаніі, якая месцілася ў былым, даволі вялікім мураваным кляштары бернардзінцаў. Пробашч быў меншым баязліўцам, вікарый быў баязліўцам толькі на чвэрць і вырашыў папярэдзіць генеральнага ўпаўнаважанага майго бацькі, пана Юзафа Шалевіча ў Лугамовічах. Пан Юзаф, быў тыповым шляхціцам часоў пана Яна Паска33, меў тады 50 гадоў, вялізны ў даўжыню і ўпоперак, з вялікімі вусамі, гарачы паляўнічы на мядзведзяў. Ён узяў з сабою свайго ляснічага, шчыра адданага яму фурмана-забіяку, сабраў, колькі знайшоў, агнястрэльнай зброі, набоі, добры запас ежы і як мага хутчэй, шалёна падганяючы сваю чацвёрку, паляцеў у Іўе. Шалевіч загіпнатызаваў дурны натоўп, прарваўся скрозь яго і замкнуўся ў плябаніі, якую ў імгненне вока ўмацаваў і гэтым надаў адвагі тым, хто ў ёй знаходзіўся – да гэтага часу яны дрыжалі як галярэта. Пяць дзён запар, акружаныя некалькімі тысячамі сялян, сядзелі ў асадзе. Сялян трымалі ў страсе на адлегласці выстралу (тады гэта было 120 крокаў), бо ўвесь час – і ўдзень і ўначы, паказваліся ва ўсіх вокнах.
Тым часам у Вільні даведаліся аб гэтым здарэнні. Генерал-губернатар Назімаў хутка паслаў дзве пяхотныя роты, якія, калі б паспелі, несумненна зрабілі б вялікае кровапраліцце. Але ўсю сітуацыю і саміх збаламучаных сялян выратаваў яго ад'ютант, граф Юзаф Тышкевіч з Ландварава. Ён пачуў, што годнаму генерал-губернатару Назімаву давядзецца перайсці да энергічных мер і ўзяўся навесці парадак сваімі ўласнымі казакамі. Аднак папрасіў для чыста дэманстратыўных мэт аддаць пад яго камандаванне дзве пяхотныя роты. І стрымаў сваё слова.
Юзаф Тышкевіч, якому тады было ўсяго 30 гадоў, быў асобай, якая павінна была жыць у гарачыя часы Сасаў ці нават яшчэ больш ранейшых. Сірата, з дзесяцігадовага ўзросту без бацькі і маці, меў у сваім распараджэнні вялікую маёмасць і набыў яшчэ невялікі маёнтак Ландварава недалёка ад Вільні, дзе дзякуючы памяркоўнасці генерал-губернатараў Бібікава і Назімава, якія хацелі мець пры сабе ад'ютанта з мясцовай арыстакратыі, вёў фантастычны лад жыцця34. Ён уласным коштам утрымліваў 18 конных казакоў, для іх і свайго камфорту трымаў яшчэ паўтузіна казачак. Адзіным заняткам казакоў было пакрасавацца перад штодзённымі гасцямі – у асноўным віленскімі прыжываламі, «джыгітоўкай» і скокамі цераз паштовыя брычкі. Скакалі таксама і некаторыя з казачак. Паход на Іўе стаў лебядзінай песняй Тышкевіча. Ён быў ужо па вушы ў даўгах, яго браты і дзядзькі згаварыліся і знайшлі для яго выключна разумную, нават мудрую і адукаваную панну Зоф'ю Горватаўну, дачку і сястру кіеўскіх губернскіх маршалкаў. На вялікім абедзе, не папярэдзіўшы, яго пасадзілі каля панны і, калі дайшлі да дэсерту, устаў нейкі пралат, прапанаваў «здароўе маладых», і справа была зроблена. Дзякуючы гэтаму ён пражыў яшчэ 30 гадоў найшчаслівейшага сямейнага жыцця бо кіраваўся прынцыпам, які я сам ад яго чуў: «Я дурны, а Зося мудрая, таму хай яна будзе галоўнай і кіруе маёнткам, а я буду рабіць глупствы».
Між тым у Івейскай экспедыцыі Юзаф Тышкевіч дзейнічаў як выдатны стратэг. Маючы пяхоту на рэквізаваных сялянскіх вазах, ён ад світанку да змяркання праляцеў каля ста кіламетраў, спакойна заначаваў у адным з івейскіх фальваркаў і ў 10 гадзін раніцы, як каршак на чале сваіх 18-ці казакаў, якія шаблі трымалі ў похвах, а нагайкі ў паветры, напаў на тлум сялян на вялікім івейскім рынку.
Хто мог, той драпаў па бакавых вуліцах і аддыхаўся толькі ў сваёй хаціне, рэшта адразу ж упала на калені і выдала нібыта сто завадатараў, пасля чаго супакоены натоўп да вечара з цікаўнасцю назіраў за «раздачай узнагарод» – гэта значыць доўгую, па велікапанскі вымеранаю лупцоўку па голым целе. Дасталася і прыгожаму полу, але праз кашулі. Вечарам ўсе пайшлі ці паехалі дахаты, некаторыя, зразумела, ехалі лежачы на жываце. Пяхота засталася на некалькі дзён, каб ушчэнт аб'есці насельніцтва. Пасля чаго ўсё прыгожа супакоілася, і калі б не вельмі цікавы ліст з падрабязнасцямі ад майго бацькі, які ён даслаў да нас у Парыж праз некалькі месяцаў, дык калі я ехаў праз тое ж Іўе ў Лугамовічы, я б не здагадаўся, што тут адбылася гэтая «рэвалюцыя ў рондалі»35.
Гэты ж 1861 год упісаў у нашу мясцовую гісторыю сапраўды прыгожую старонку, сляды якой, у значнай ступені, бачны і цяпер. Праклёнам тых часоў было ўсеагульнае, па-сапраўднаму д'ябальскае п'янства вясковага люду, якое падтрымлівалася прыкладамі самой шляхты і аблягчалася фенаменальнай таннасцю гарэлкі (добры кілішак 40% – най гарэлкі прадаваўся ў вёсцы за два грошы, гэта значыць за 1 капейку). У дні маіх вакацый 1860 г. у святочныя ці базарныя дні, вечарам нельга было праехаць па дарозе, бо праз кожныя некалькі сотняў крокаў каля ці нават пасярод дарогі, як труп, ляжаў п'яніца.
Але на пачатку 1861 г., напэўна, дзякуючы вялікаму маральнаму ўздыму, які суправаджаў вызваленне сялян, ковенскі біскуп Валанчэўскі, вельмі годны каплан, хоць і крыху дэмагог, выступіў з ідэяй заснаваць сярод народа «брацтва цвярозасці». Паўсюдна, куды дасягаў уплыў каталіцкага кліру, у нядзелю ці на святы пасля стандартнай пропаведзі, ксяндзы заклікалі парафіян прыняць з крыжам і евангеллем асабістую прысягу аб поўнай цвярозасці. Ксяндзы мелі адмысловыя кнігі для запісу чальцоў брацтва. Гэты рух мусiў мець i меў даволі цяжкія наступствы для абшарніцкай шляхты, бо на вёсцы было моцна пашырана вінакурніцтва. Мой бацька сам валодаў пяццю спіртзаводамі і пасля гэтых падзей адразу зачыніў два з іх. Нягледзячы на гэта, абшарнікі таксама актыўна ўдзельнічала ў руху. Вынік перасягнуў усе чаканні. Сяляне, саромеючыся адзін аднаго, аб'ядноўваліся ў брацтвы, п'янства выходзіла з моды і нават праз вялікі час, калі вымерла ўсё тагачаснае пакаленне братоў, мода на п'янства сярод вясковага люду не адрадзілася. Знікла п'янства і сярод шляхты, але гэта было звязана з жорсткімі пакутамі 1863 г. і іх наступствамі. З чыста фіскальных меркаванняў расійскі ўрад спрабаваў перашкодзіць гэтаму кроку. Але было ўжо занадта позна36. Праваслаўнае духавенства ў гэтым руху не прымала ніякага ўдзелу, і таму да апошняй сусветнай вайны ў маім краі цвярозасць можна было атаясамліваць з каталіцтвам, а праваслаўе – з п'янствам.
Вакацыі 1861 года мы зноў правялі ў краі, але ў зусім іншай атмасферы. У свядомасці панавала эпапея Гарыбальдзі з аб'яднанням Італіі якая лёгка запальвала розумы «ад мора да мора». У Расіі панавалі ліберальныя і рэфарматарскія плыні, адбываліся дэманстрацыі ў Варшаве і пасля іх – жалоба, чамаркі і г.д.37
Наш прыезд у Вільню супаў з момантам, калі першыя хвалі заразы дэманстрацый пачалі даходзіць і да нас. У пачатку жніўня, незадоўга да заходу сонца, мы ўязджалі ў горад ковенскім трактам на брычках праз Пагулянку. Каля самай брамы мы ўбачылі некалькі сотняў казакоў, праўда, без пік. Нас ніхто не спыняў, але калі мы рыссю спускаліся па стромай дарозе, дык нас дагналі казакі, якія заўзята направа і налева махалі нагайкамі, а злева (пад гару) з боку Пагулянкі, якая тады не была забудавана ажно да вуліцы Завальнай і не мела тратуараў, ішла не вельмі шматлікая, але ўжо часткова разагнаная працэсія, людзі спявалі «Божа, што ж Польшча» і неслі некалькі жалобных харугваў. Мы без праблем дабраліся да дома Мілера на вуліцы Нямецкай, і, як толькі прыехалі, нас наведаў малады архітэктар пан Шалевіч, сын вышэйзгаданага адважнага пана Юзафа, які зрабіў нам гарачую справаздачу аб падзеях.
Аказалася, і я пачуў гэта праз шмат гадоў ад другога ўдзельніка гэтай маніфестацыі пана Антушовіча, тлум на Пагулянцы ўзбудзіла вестка… што з Коўні па шляху Напалеона ўжо ідзе французская армія, якую ў Вержбалове высадзіў англійскі флот!38 Натуральна, у гэтых маніфестацыях удзельнічалі і нашы абавязковыя «аніматаркі» падобных выбрыкаў, то бок мілыя пані і паненкі. На чале іх у Вільні таго часу стаяла пані Александрына Лубанская з Сулістроўскіх, якая паўсюль лётала, нібы матылёк, паўтараючы: «Il faut chauffer, il faut chauffer» («Трэба падвышаць напал, трэба падвышаць напал», фр. – Л. Л.) і чароўная пані Ізя Тышкевічава з Вакі, якая спецыялізавалася на вытанчаных нахабствах у адносінах да генерал-губернатара Назімава, а таксама сімпатычная і мілая панна Валіцкая, якая на Пагулянцы падчас гэтага паходу на Коўню, добра атрымала нагайкай па плячах ад казака, але праз два гады адпомсціла Маскве тым, што выйшла замуж за праваслаўнага пана Міхала Камара39.
Аповед маладога Шалевіча пакінуў у маіх бацькоў вельмі дрэннае ўражанне. Бацька ўжо прадбачыў, да чаго прывядзе гэтае вар'яцтва. З ім пагаджалася і маці, яна хоць і была вельмі рэлігійнай і патрыятычна ўзнёслай, але з-за стану здароўя вяла эгацэнтрычны лад жыцця і была схільная заставацца над падзеямі. Калі бацька цвёрда вырашыў, што ні ён, ні хто з яго сям'і не будзе ўдзельнічаць у гэтых дзіцячых і небяспечных маніфестацыях, маці без пратэсту падпарадкавалася ў такой важнай справе рашэнню галавы сям'і і была, бадай, адзінай жанчынай, якая да канца не насіла жалобы40. Яна заўсёды надзявала рознакаляровыя ўпрыгожванні на сябе і сваіх траіх дзяцей. Гэта, канешне, не адмяняла болю ад страт, якія, як я пакажу пазней, нам было наканавана пацярпець ад маскоўскага ўраду, у той час, калі многія з дэманстрантаў і падпальшчыкаў неяк шчасліва пахаваліся.
Шмат што адрознівае мяне ад поглядаў і метадаў дзеяння пана Рамана Дмоўскага41, аднак, усё ж я горача абняў бы яго, бо ў сваёй апошняй кнізе «Як адбудоўвалася Польшча» ён, бадай, першы з нашых палітычных карыфеяў меў шчырасць і смеласць выказаць думку, што ўсе нашы паўстанні выбухнулі нясвоечасова і нам трэбы казаць не пра заслугі іх правадыроў, а пра цяжкія грахі перад Бацькаўшчынай. Як потым у Вільні казаў Падарэўскі42, нельга хадзіць з паходняй каля сямейнай страхі, той, хто так робіць, калі ён нават і выпадкова падпаліць хату, той – не герой, а годны кары злачынец.
Многіх удзельнікаў авантуры 1863 года я асабіста ведаў тады і пазней, але гэта былі не змоўшчыкі, не тыя людзі, якія ахвотна лавілі рыбу ў каламутнай вадзе, бо ім не было чаго губляць, а мелі яны надзею стаць «бацькамі краіны», гэта былі людзі, якія «bene nati et ownerati» («удала нарадзіліся і валодаюць маёмасцю», лац. – Л. Л.), яны не маглі не стаць першымі ахвярамі гэтага вар'яцтва 1863 года.
Я не памятаю ніводнага чалавека, які сцвярджаў бы, што тады ў яго была хоць найменшая, самая аддаленая надзея на поспех справы, у якой ён прымаў удзел. Так, усе яны без выключэння ў доказ сваёй прадбачлівасці хваліліся сваімі прадказаннямі, што падзеі скончацца правалам (хоць і не ў такіх маштабах). Гэта выразна прызнае ў сваіх «Успамінах» нават адзін з галоўных арганізатараў усяго руху ў Літве Гейштар – дык чаму і па што яны туды палезлі?
Якіх толькі прамоваў тады можна наслухацца! Як сёння памятаю – палявалі мы ў мамінага дзядзькі ў Кір'янаўцах. Пасля вячэры я сціпла сяджу ў кутку. Па гасцёўні ходзіць чубаты юнак, копія Адама Міцкевіча 1825 года і ў сваёй прамове ўсе скасоўвае. Не будзе дваранства, не будзе ўласнасці, не будзе ўрада, не будзе духавенства і г. д. Бацька яму цярпліва: «А што будзе на месцы ўсяго гэтага?» Хлопец адкідвае чупрыну назад, арлінымі вачыма азірае ўсіх, робіць паўзу і кажа: «Будуць людзі… і народ!!!…»43. Гэта была эпоха «натуральнага розуму, да якога не дакранулася ніводная навука».
З-за гэтага настрою і з-за трывогі аб будучыні, вакацыі 1861 года былі для мяне значна менш радаснымі, чым у папярэднім годзе.
У кастрычніку мы вярнуліся ў Парыж.
Я пайшоў у 3-ці клас (па французску, а па нашаму – у 6-ты). Мой кругагляд усё больш пашыраўся. Кожны дзень, вяртаючыся з гімназіі, я купляў газету ў разносчыка які чакаў гімназістаў, мае калегі куплялі іншыя газеты і мы абменьваліся імі. Я быў цалкам абазнаны ў сучаснай знешняй і ўнутранай палітыцы.
У 1860 г. Напалеон ІІІ, жадаючы заваяваць папулярнасць у народзе, нават не для сябе, а для сваёй дынастыі (такую мару маюць усе парвеню), 21 лістапада 1860 года выдаў знакаміты дэкрэт, які ўнёс даволі моцную плынь свежага паветра ў розныя сферы жыцця […]. З таго часу і да катастрофы 1870 года, паводле маіх успамінаў і ўражанняў, палітычная сістэма Францыі больш чым дзе-небудзь на кантыненце наблізілася да ідэалу: «свабода і парадак», – заўсёды недасяжны для чалавецтва ідэал.
Дзякуючы катастрофе 1870 г., за якую значна большую долю адказнасці неслі тагачасныя левыя партыі, большую чым сам псеўдацэзар Напалеон III, які да гэтага часу набыў ва ўсёй Еўропе рэпутацыю горшую, чым рэальна заслугоўваў […]
Калі я перайшоў у трэці клас банапартскага ліцэя […] хутка пазнаёміўся з таямніцамі не толькі палітычнага, але і свецкага жыцця тагачаснай сталіцы Сусвету. Нашым каштоўным інфарматарам быў пан Дзмітрый Бенкендорф, унук знакамітага жандара Мікалая I і сын старэйшай з трох дачок грэка Бенардакі, які моцна ўзбагаціўся на акцызнай арэндзе і пасяліўся ў Бруселі, дзе маладая ўдава Бенкендорф выйшла замуж за маркіза д'Аск. Карэспандэнтам Бекендорфа ў Парыжы, г. зн. прадстаўніком нашых бацькоў, да якога мы хадзілі па нядзелях і святах, быў Ле Дюк дэ Басана, ці Марэль, сын знакамітага начальніка палітычнай канцылярыі Напалеона І. Салон герцагіні дэ Басана быў адным з самых папулярных у Парыжы і наш сябар слухаў там разнастайныя свецкія плёткі, якія потым пікантна даносіў да нас. Да таго ж, пансіён пана Кузіна складаўся амаль выключна з сыноў тагачаснай парыжскай арыстакратыі ці плутакратыі, у тым ліку з выбітных сыноў Ізраіля. У нас было два Ротшыльды (адзін сёння яшчэ жывы), адзін Пэрэй, адзін Гінзбург, які падняўся на ваенных пастаўках падчас нядаўняй Крымскай вайны. Акрамя таго, у некалькіх маіх сяброў меліся старэйшыя браты, якія ўжо патрапілі ў высокія колы парыжскага свету, дзякуючы чаму мы ведалі пра любоўныя прыгоды незабыўных жрыцаў Венеры таго часу: амерыканкі Кора Пэрл, чароўнай Гартэнзіі Шнайдэр, стваральніцы «Прыгожай Алены» і пазней Вялікай герцагіні Геральштэйн, Джульеты ле Бо, неўзабаве, спадарожніцы жыцця графа Міхала Тышкевіча44, Ганны Дэсліён і інш. – быццам мы спалі пад іхнімі ложкамі. Таксама мы былі знаёмы і з тэатральным жыццём. Мой бацька, сам заўзяты аматар тэатра, прымушаў нашу бедную дзявотку45-маці, для адукацыі браць нас на спектаклі. І яна, не дзеля ўласнага задавальнення, бо ў яе наогул не было пачуцця музыкі, а толькі дзеля дзяцей, вадзіла нас у італьянскую оперу.
Акрамя таго, пан Кузін, калі нашых бацькоў не было ў Парыжы, па суботах ці на святах вадзіў нас у «цнатлівыя» тэатры: гэта значыць у «Французскі тэатр» і «Гімназ», дзе панавала незабыўная Ружа Шэры, а таксама ў «Вялікую оперу» або ў «Камічную оперу».
Мой бацька лічыў, што выхаванне хлопчыкаў не павінна грунтавацца толькі на кнігах. Таму, каб кожны з нас меў «па некалькі струн», ён з самага пачатку, каб мы «не загінулі марна», загадаў нам браць дадатковыя ўрокі музыкі і малявання. Мой брат, які быў вельмі таленавіты ў маляванні і жывапісе, да 20 гадоў не мог сыграць нават польку. А я, маючы сапраўдны талент да музыкі, ніколі не мог належна намаляваць нос. І ажно да паступлення ва ўніверсітэт мы мелі пакуты – брат Ігнацы ад фартэпіяна, а я ад малявання.
У той час, і фактычна аж да з'яўлення аўтамабіля (хай яго ліха возьме), у ясныя дні Елісейскія палі і Булонскі лес былі штодзённым месцам збору ўсіх, хто прэтэндаваў на элегантнасць. Хто гэтага не бачыў, той не мае ўяўлення пра сапраўдны парад вытанчаных карэт і коней. Заўсёды было з дзесятак конных экіпажаў а-ля Дамон з двума фарэйтарамі46. Таму, як казаў вялікі Талейран, той, хто не ведаў Версаля ў часы Людовіка XVI, той не мае ні найменшага паняцця аб слодычы жыцця, а я б дадаў, што той, хто не бачыў Парыж у апошнія 10 гадоў Другой французскай імперыі, той не мае ўяўлення пра сапраўдную элегантнасць.
У 1862 г. мы зноў паехалі адпачываць у наш край. Дабраліся ўжо цягніком ажно да Коўні, а праз два месяцы ў адваротны шлях ужо селі ў вагон на сённяшнім вакзале ў Вільні47. Што раз усё больш і больш разумны хлопчык, я мог адразу адчуць – тое, што яшчэ год таму было зародкам хваробы, сёння ўжо прыняло форму эпідэміі. Вулічных маніфестацый не было, але паўсюдна ў касцёлах (апрача як у бацькаўскіх Геранёнах, дзе мудры пробашч Баярынскі падтрымаў майго бацьку) службы заканчваліся спевам «Божа, што ж Польшча», а часам нават і «З дымам пажараў»48. Чамаркі сталі амаль што абавязковай вопраткай, а з іншага бока расійская талеранцыя ўсе павялічвалася. Нагадаем тут пра высілкі ў Каралеўстве вялікага Аляксандра Веляпольскага49, які дабіўся таго, каб застаўся толькі адзін расейскі чыноўнік – вялікі князь Канстанцін.
І без таго нязначная колькасць расейцаў ва ўладных установах яшчэ больш зменшылася. Калі ў Гародні вызваліліся пасады губернатара і віцэ-губернатара, на іх месца прызначылі памешчыка са Свянцянскага павета Хамінскага і нашага суседа Эміля Умястоўскага. Сёння я маю рэтраспектыўнае меркаванне, зважаючы на старыя традыцыі піцерскай бюракратыі рабіць правакацыі, што гэтая паблажлівасць была наўмыснай, як пазней 9 студзеня 1905 г. і ў сакавіку 1917 г., падчас так званых «крывавых лазняў». Нашы шчырыя і аптымістычныя патрыёты самі лезлі, як мухі на мёд. Дадам, што калі ў 1910 г. у Дзяржаўнай думе разглядаўся праект Сталыпіна аб ліквідацыі фінскай аўтаноміі і русіфікацыі ўсёй фінскай дзяржавы, мой калега Ксаверый Арлоўскі пачуў канец размовы двух саноўнікаў: «Дрэнна тое, што гэтыя фінскія шэльмы маюць халодныя голавы, іх, як палякаў, на паўстанне не падпіхнеш».
Бацька ўсяляк стараўся зрабіць наша знаходжанне ў краі больш прыемным, каб нам падабалася тут больш, чым у Францыі. Ён прыдумаў прывезці да нас у Геранёны на ўвесь адпачынак, віленскага берэйтара пана Лукашэвіча з некалькімі яго добра выдрэсіраванымі канямі. Лукашэвіч, якому тады было 45 гадоў, удзельнічаў у венгерскім паўстанні ў 1848 г. пад кіраўніцтвам Дэмбінскага і Бэма, і таму, верагодна, насіў не чамарку, а так званую венгерку. Ён адразу пачаў праяўляць асаблівую прыязнасць да мяне і называў мяне «паручнікам». Акрамя сваіх манежных коней ён узяў з сабой яшчэ і вельмі прыгожага каня. На раніцы мы рэгулярна і метадычна бралі ўрокі на гэтых манежных конях, а пасля абеду, разам з маёй сястрой, якой было тады 15 гадоў і нашай 18-ці гадовай стрыечнай сястрой Ізабэлай Мікашанкай, якая зачаравала ўсю маладую Вільню сваёй прыгажосцю, мы (я і мой брат на нашых уласных конях) ездзілі на доўгія прагулкі. Сам Лукашэвіч, з заўсёды падвешанай на баку шабляй, ездзіў на згаданым вышэй маладым кані. Праз тыдзень, ён прызнаўся мне, 14-ці гадоваму смаркачу, што конь належыць пану Юзафу Снядэцкаму і што ён аб'езджаны для яго, будучага ротмістра, які сфармуе эскадрон, у якім ён, Лукашэвіч, будзе вахмістрам!
У верасні гэтага года адбылося вяселле адной са шматлікіх гадаванак і адначасова, татавай пляменніцы. Паколькі двор яе маці межаваў з Менскім паветам, быў невялікім і аддаленым для гасцей, бацька вырашыў аддаць яе замуж з Геранёнаў. А паколькі, з-за агульнапрынятай нацыянальнай жалобы немагчыма было танчыць, бацька вырашыў замяніць танцы самадзейным тэатрам. Глядзельную залу і сцэну ён уладкаваў у вялізным новым мураваным амбары, які быў пабудаваны ў стылі парыжскага касцёла св. Магдалены. Зала была ўпрыгожана гірляндамі зеляніны і кіламетрамі рознакаляровай тканіны. Трупа складалася з майго дарослага і вельмі прыгожага брата ў ролі першага каханка, мяне, як першага коміка, Лукашэвіча, як рэзанёра, маёй сястры Марыі і стрыечнай сястры Ізабэлы Мікашанкі (першай, у амплуа наіўніцы, а другой, – какеткі) і бухгалтара немца Шварца які самой прыродай быў асуджаны выконваць гратэскную ролю. Мы сыгралі дзве аднаактавыя камедыі. За выключэннем выфранчанага таты, усе мужчыны былі апранутыя ў разнастайныя патрыятычныя строі: чамаркі, венгеркі, касцюшкаўскія сукманы і г. д. Калі мы ўжо сядалі за вясельную вячэру, прыехаў чацвёркай модных тады таўсталобых коней, верагодна адмыслова для гэтага дачакаўшыся адпаведнага моманту ля брамы, няпрошаны і нечаканы, вялізны, пузаты, размашысты, абсалютна як Заглоба, пан Вільгельм Пратасевіч, слынны ў наваградскім, лідскім і слуцкім паветах дасціпнік, аўтар гумарыстычных эпічных твораў… і дармаед50. На ім быў белы кунтуш з вылётамі, кармазынавы жупан, слуцкі пояс, саф'янавыя боты, канфедэратка з паўлінавым пяром, бракавала яму толькі карабелі, бо не любяць паслядоўнікі Заглобы нечакана сустрэць паліцыю. Вядома, бацька не вельмі ўзрадаваўся такому праслаўленню Рэчы Паспалітай, але гасціннасць абавязвала не паказваць гэтага, і хутка пан Вільгельм сваім шалёным запалам здолеў загладзіць свой выбрык.
У кастрычніку таго ж 1862 года мы зноў вярнуліся ў Парыж, і я пайшоў у перадапошні клас. Бацька павінен быў прыехаць на Каляды. Французская прэса вельмі цікавілася польскім пытаннем. Князя Адама Чартарыскага ўжо год як не было. На пасадзе «караля партыі» яго змяніў другі сын, князь Уладзіслаў, жанаты з княжной Ампарай, марганатычнай дачкой іспанскай каралевы Крысціны і такім чынам, зводнай сястрой пануючай каралевы Ізабэлы. Нягледзячы на тое, што князь Уладзіслаў атрымаў у спадчыну напаўафіцыйнае становішча свайго бацькі ў свеце, ён не атрымаў у спадчыну ні яго выключнага розуму, ні яго асаблівага вопыту, і гатэль «Ламбер» стаў генеральным штабам партыі «белых» экстрэмістаў, якія адкрыта падштурхоўвалі да паўстання. Традыцыйна на Каляды ў гатэлі «Ламбер» адбыўся дабрачынны вечар51 на карысць беднай эміграцыі, на ім гандлявалі не толькі польскія, але і шматлікія французскія і замежныя велікасвецкія дамы. Вечар 1862 г., куды мяне адвёз мой бацька, быў выключна прыгожым і карысным.
Прысутнічала на ім, тады яшчэ маладая, не вельмі прыгожая, але абаяльная графіня Марыя, жонка Міхала Тышкевіча (у дзявоцтве Радзівіл), чый муж, каласальнага росту, вельмі прыгожы, эфектны вялікі пан і прафесійны няўдачнік, успадкаваў пасля смерці дзядзькі Яна вялізную ардынацыю Біржы і ўжо спяшаўся пасяліцца ў шыкоўных апартаментах на вуліцы Фобур Анарэ. Тут я часта бавіўся з яго сынамі, маімі аднагодкамі. Гэтым вечары ён купіў у жонкі філіжанку гарбаты і заплаціў за яе дзесяць тысяч франкаў. Натуральна, што ўсе дамы, нават і замежніцы, былі ў жалобе і пра ўваскрэсенне незалежнай Польшчы ад мора да мора, гаварылася з такой жа ўпэўненасцю, як у жніўні 1914 года ў Берліне крычалі: «На Парыж».
Раздзел V. Паўстанне 1863 г. Мураўёў. Зняволенне бацькі. Вільня. Каўфман
У другой палове студзеня, калі ў маіх бацькоў былі госці, прыйшла вестка пра паўстанне 1863 года.
Бацька адразу вырашыў неадкладна вярнуцца дадому, бо праз некалькі тыдняў заканчваўся двухгадовы тэрмін адмены прыгоннага права, а даверанай асобы Юзафа Шалевіча, які мог аднаасобна вырашыць крызіс, ужо не было, ён звольніўся яшчэ мінулай вясной, каб падрыхтаваць два свае фальваркі ў Лідскім павеце. Але маці папрасіла бацьку пачакаць і даведацца, перакінецца гэты пажар на наш край ці не. Хутка перакінуўся, і дзякуючы, з аднаго боку, невычэрпнай дабраце шляхетнага генерал-губернатара Назімава, які не толькі не меў рашучасці падпісаць смяротны прысуд, але нават і саслаць у Сібір, а з другога, дзякуючы раздражняльным прамовам у французскім сенаце князя Напалеона і прэзідэнта Банжана, а таксама дыпламатычным нотам Францыі, Англіі і Аўстрыі, вынік якіх не цяжка было прадбачыць як вартае жалю дыпламатычным фіяска, а таксама дзякуючы і двудушнасці Напалеона III. З-за ўсяго гэтага, яшчэ да вясны, па ўсёй Літве людзі пачалі «сыходзіць у лес». Ноты заходніх краін падштурхнулі Аляксандра II і яго міністра знешніх спраў, славутага Гарчакова, неадкладна і энергічна задушыць паўстанне, каб уратаваць так званыя заходнія губерні. Калі пачалі шукаць асобу на змену Назімаву, кандыдатам мог бы быць толькі адзін з генерал-ад'ютантаў. Аднак ліберальная плынь, якая панавала ў той час у Расіі, аказалася настолькі моцнай, што ўсе генерал-ад'ютанты, пачынаючы з князя Суворава і князя Пашкевіча-Варшаўскага, заявілі імператару, што не бачаць іншага спосабу супакоіць паўстанне як толькі задаволіць патрабаванні, і пан Анджэй Замойскі ў Парыжы ўжо выказаў гэтыя патрабаванні высокаму саноўніку пану Янахаву (ён пазней сам мне гэта распавёў), якога паслалі туды для гэтай мэты. Адбыўся наступны дыялог: «Але, нарэшце, пан граф, што вы хочаце ад нас?» Адказ: «Allez vousen!» («Ідзіце прэч!»). Засталіся толькі два кандыдаты, на энергію якіх можна было разлічваць: папярэднік Назімава, стары генерал-ад'ютант Бібікаў (прычыну яго няміласці я назваў вышэй) і не менш стары генерал-ад'ютант Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў52, якога ўжо ў 1831 г., калі ён быў губернатарам у Гародні, празвалі «вешальнікам».
Два гады таму Мураўёў быў гучна зняты з пасады міністра дзяржаўнай маёмасці з-за самых абуральных злоўжыванняў53, Герцэн у сваім «Колоколе», які выдаваўся ў Лондане і які Аляксандр II штодзень чытаў, апублікаваў рэзкі артыкул пра гэтага Мураўёва і закончыў яго словамі: «Міхаіл Мікалаевіч, вы – дзяржаўны злодзей».
Але Аляксандр, верны традыцыям сваёй дынастыі, палічыў за лепшае даверыць неабмежаваныя правы злодзею, чым дараваць свайму высакароднаму, але ўпартаму слузе (Бібікаву – Л. Л.).
У Парыжы мы даведаліся, што першым учынкам новага сатрапа пасля прыезду ў Вільню, быў загад прадставіць спіс арыштаваных у той дзень. У самых першых радках былі ксёндз Ішора, пробашч з Лідскага павета54, які з амбоны прачытаў сваім парафіянам маніфест так званага Нацыянальнага ўрада і стрыечны брат маёй маці Уладзіслаў Лясковіч55, 17-гадовы студэнт шляхецкага інстытута, нейкі шпіён падслухаў калі ён, стоячы з паненкай на тратуары, сказаў, што «французы ўжо высадзіліся ў Вержбалова!». На палях паперы, насупраць гэтых прозвішчаў, Мураўёў напісаў: «Расстрелять», — і наступнай раніцай іх абодвух без суда і допыту расстралялі на Лукішскім пляцы.
Гэта толькі ўзмацніла просьбы маці. Мы зноў паехалі ў адпачынак да мора, але з-за неабходнай эканоміі не ў Д'еп, а ў больш танны Жэкам. Руфін Пятроўскі зноў суправаджаў нас.
Увосень, калі сутычкі з паўстанцамі ў Літве цалкам закончыліся, бацька не ўтрымаўся і вярнуўся ў край. Мураўёў, якому ён павінен быў прадставіцца, ведаў, што бацька трымаецца ў баку ад усялякіх дэманстрацый і прыняў яго добразычліва, падоўжыў на год нашы пашпарты і па-здрадніцку параіў неадкладна ехаць у свой маёнтак, чаго бацька асцерагаўся і абачлівыя людзі не раілі рабіць яму гэта з-за страху перад рознымі брыдотамі, якія выдумлялі прыстаўленыя да кожнага павета ваенныя начальнікі, якіх надзялілі дыктатарскімі паўнамоцтвамі, як у ваенны час. Але бацька паехаў, агледзеўся, навёў нейкі парадак і вярнуўся ў Вільню, адкуль вярнуўся ў Геранёны толькі на веснавую сяўбу ў красавіку. Праз некалькі тыдняў ён атрымаў ад начальніка павета палкоўніка Каладзеява ветлівы, але цвёрды ліст, у якім той выказваў жаданне сустрэцца і дзеля гэтага выклікаў яго ў Ашмяны. Бацька, якога душыла наша традыцыйная шляхецкая фанабэрыя, адказаў, што ён пасля сваёй доўгай адсутнасці вельмі заняты і будзе рады сустрэць пана палкоўніка ў Геранёнах. Гэтым сябе і загубіў.
Замест палкоўніка Каладзеява прыбыў жандарскі афіцэр з двума салдатамі, не зводзячы вачэй з падазронага, загадаў спакаваць неабходныя рэчы і павёз з сабой у Ашмяны.
Тут я павінен згадаць прыгожы ўчынак… яўрэя Янкеля. У спальні майго бацькі меўся вогнетрывалы сейф ад Фішэ з Парыжа з усімі хітрымі замкамі, а ў ім тоўсты гаманец з дзяржаўнымі расійскімі акцыямі на суму каля ста тысяч рублёў. Бацька не страціў розум, калі з дапамогай слугі складаў свае рэчы пад наглядам афіцэра, які, бадай, ніколі ў жыцці не бачыў падобнай касы. Тата не глядзеў на яе, але голасна загадаў слузе, каб паклікаў сюды вельмі адданага яму эканома Радзевіча. Пад гучныя каманды і размовы, бацька прашаптаў: «Адразу прывязіце да мяне ў Ашмяны Янкеля Дудскага».
Уначы падалі нашу брычку і коней, афіцэр сеў каля таты, і яны паехалі ў Ашмяны. Бацька, як звычайна, спыніўся ў карчме ў Янкеля Бакшта, у якой у 1812 годзе разам з ротмістрам Вансовічам начаваў сам Напалеон, калі ўцякаў са Смаргоні. Перад уваходам паставілі варту і загадалі не пакідаць карчму, пакуль тата не сустрэнецца з палкоўнікам Каладзеявым. Убачыў яго толькі праз тыдзень.
Янкель Дудскі з'явіўся ўжо на раніцы. На працягу 20 гадоў разам са сваім партнёрам Маркелем ён быў у майго бацькі манапалістам усяго гандлю збожжам, ільном і г.д., і заўсёды паводзіў сябе сумленна. Баючыся, што ў кожную гадзіну маскоўскія чыноўнікі завалодаюць Геранёнамі і асабліва сейфам, бацька хутка загадаў Янкелю: «Вяртайся ў Геранёны, ідзі з гэтым ключом у маю спальню. Наставіўшы шыфр-слова, адкрый сейф. У ім знойдзеш партфель, у якім сто тысяч працэнтных каштоўных папер, неўзабаве гэтыя паперы могуць каштаваць, як увесь мой маёнтак. Завязеш партфель да маршалка Яна Лубанскага ў Вілейскі павет, аддасі яму на захаванне як дэпазіт да далейшага майго ці маёй жонкі распараджэння і прывязеш мне адказ». Янкель апрануўся ў дарогу у самую сціплую вопратку, як жабрак, едучы з вёскі да вёскі на нанятых сялянскіх павозках, патрапіў да пана Лубанскага, перадаў дэпазіт і прывёз адказ майму бацьку. Усё зрабіў вельмі добра.
Але праз дзясятак-другі гадоў ён купіў у мяне вялікую партыю льну і скарыстаўся маёй адсутнасцю. Прымаючы тавар, самым ганебным чынам, прыкладна на 300 рублёў ашукаў майго дурнога эканома. Калі я вярнуўся і заўважыў гэтае свавольства, то спытаўся ў Янкеля: «Як мог чалавек, які ў 1863 г. меў гонар у адносінах з маім бацькам, цяпер учыніць такое жаласнае махлярства ў адносінах да мяне?». Янкель адказаў вельмі спакойна: «Ясны пан няслушна мае да мяне прэтэнзіі. Тады стары пан, хай пан Бог падоўжыць яго гады, звярнуўся да мяне не як да гандляра, а як да чалавека, як да сябра, бо такія ў нас ужо былі з ім адносіны. Каб я злоўжыў яго даверам, я быў бы апошнім з апошніх. А Ясны пан, калі прадаваў мне лён, меў справу не з сябрам, а з купцом, і для мяне ён быў толькі прадавец, які займаецца сваёй справай, а купец займаецца сваёй. А што пан узяў сабе дурнога эканома, то гэта яго бяда»… і закрыў мне рот.
Калі палкоўнік нарэшце «ласкава» паклікаў да сябе майго бацьку, сутнасць справы высветлілася. Адразу ж пасля нашага прыезду, Мураўёў, нібыта для палягчэння ваенных дзеянняў і магчымасці прымянення артылерыі, загадаў даволі густа высекчы ва ўсіх лясах лініі-прасекі, сляды якіх відаць і сёння, і вырашыў, што гаспадар для гэтага альбо заплаціць сялянам за іх працу па каштарысу павятовага кіраўніка і прадасць лес, як хоча, або не будзе плаціць нічога за працу, а сяляне бясплатна возьмуць сабе спілаванае дрэва. Яшчэ да вяртання майго бацькі з Парыжа, нашы сяляне з ведама ўладаў вычысцілі ўсё дрэва, але пан Каладзеяў захацеў дамагчыся ад майго бацькі грошай, роўных кошту працы, якую ён вылічыў у адзінаццаць тысяч рублёў, вядома, каб бясследна пакласці сабе ў кішэню. Бацька быў занадта ўпэўнены ў сабе, трохі заядлы і грунтуючыся на парадзе самога Мураўёва спакойна ехаць у вёску, адмовіўся даць грошы. Пачалося «дело». Камандзір нейкага партызанскага атрада Віславух прабіраўся праз лясы з Царства Польскага ў бок паўночнай пруска-расійскай мяжы і хацеў на пароме пераправіцца цераз Бярэзіну56. Паром знаходзіўся ў лугамоўскім фальварку, які таксама меў назву Бярэзіна. Тут ён затрымаўся на некалькі гадзін і загадаў арандатарцы Рубін даць, колькі можа, хлеба, масла і смятаны.
У дужках дадам, што ні ў чым іншым сістэма «хаджэння з паходняй каля страхі роднай хаты» не праявілася так выразна, як у арганізацыі Варшаўскiм рэвалюцыйным камітэтам ўзброенага паўстання ў нашым краі. З ваеннага боку, гэта было нешта жаласна-дзіцячае. Там, дзе пачыналася сутычка, паўстанцы, узброеныя толькі паляўнічай зброяй з боем на адлегласць 120 крокаў, без страт расстрэльваліся бяспечнымі жаўнерамі, стралковая зброя якіх магла цэліць на адлегласць больш за 300 крокаў. Адно вядома: колькасць жаўнераў, забітых на палях ў Літве не раўнялася нават траціне павешаных ці расстраляных мясцовых (адначасова, толькі ў адной Ашмяне было павешана сямёра, і гэта ў той час, калі па ўсім павеце не было чуваць ніводнага стрэлу)57.
Але ж было б несправядліва вінаваціць сапраўдных лідараў гэтага руху ў «глупстве».
Не-не, гэта нешта зусім іншае. Нездарма Здановіч, студэнт з Пецярбурга, сын ваеннага доктара, які мала валодаў польскай мовай і якога я сустрэў у генеральскім мундзіры пасля смерці майго сына, быў адным з галоўных арганізатараў паўстання ў Вільні. Калі пасля яго прысуду на смерць, старшыня ваеннага суда спытаў, як ён, такі разумны чалавек (а ён быў такім), мог гэтак памыляцца адносна перспектыў поспеху паўстання, Здановіч спакойна адказаў: «Я бачу, што пан палкоўнік цалкам не разумее маіх мэтаў, я не памыляюся, і мая праца не марная. Лепш, чым мог я сам, яе даробіць мой спадчыннік… Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў»58.
А ў нашай справе вельмі прыгожа паказалі сябе яўрэйка і праваслаўны поп. У турме Рубін пасадзілі ў асобную камеру і сказалі, што яна не выйдзе, пакуль не прызнаецца, што мой бацька перад ад'ездам за мяжу (за 6 тыдняў да выбуху студзеньскага паўстання) загадаў ёй шчодра прыняць паўстанцаў. Рубін была цяжарнай. Кожны дзень ёй пагражалі, што калі яна народзіць, дык дзіця ў яе забяруць і хрысцяць у праваслаўнай царкве. Яна нарадзіла дачку Рохлю і, нягледзячы на штодзённыя пагрозы, да самага вызвалення майго бацькі трымалася на сваім – што паўстанцы гвалтам адабралі ў яе хлеб і малочныя прадукты.
Паколькі праваслаўнае мястэчка Мікалаева на Нёмане мяжуе з Лугамовічамі, Каладзеяў паслаў урадніка да мікалаеўскага святара Пратасевіча, заклятага п'яніцы, але вельмі годнага чалавека, каб той загадаў мікалаеўскім сялянам пад прысягай засведчыць, што мой бацька пераконваў іх пры з'яўленні паўстанцаў аказваць ім усялякую дапамогу. Пратасевіч паклікаў сялян да афіцэра і сказаў ім жорсткую пропаведзь, у якой нагадаў сялянам пра важнасць прысягі і пагражаў усімі царкоўнымі пакутамі, калі яны будуць сведчыць што-небудзь, акрамя праўды. Тады сяляне ў адзін голас засведчылі, што ніхто з іх не бачыў майго бацьку ужо некалькі гадоў. Пратасевіча арыштавалі на месцы, адвезлі ў Вільню, меліся выслаць у Сібір, але архіепіскап Сямашка (галоўны ў справе скасавання уніі) нейкім чынам выратаваў яго.
Не маючы магчымасці абгрунтаваць жаданы прысуд, Каладзеяў у верасні адправіў бацьку ў Вільню, ў перароблены пад турму дамініканскі кляштар, прызначаны для нібыта небяспечных вязняў. Менш важныя сядзелі ў кляштары францысканцаў.
Тым часам мы з братам у жніўні здалі іспыт сталасці (baccalaureat еs lettres) і ўжо без гувернёра чакалі ў Д'епе вырашэння свайго лёсу. Каля 1 кастрычніка мая маці атрымала паведамленне з расійскай амбасады, што хоць тэрміны яе і нашых пашпартоў яшчэ не скончыліся, але згодна з спецыяльным распараджэннем Мураўёва, яна з дзецьмі, на працягу васьмі дзён павінна з'явіцца ў Вільні, калі не з'явіцца – будзе лічыцца эмігранткай і яе маёнткі, якія складалі большую частку сямейнай маёмасці, будуць канфіскаваны. Мы вярнуліся ў Вільню роўна праз два гады пасля таго, як яе пакінулі.
У асноўным з-за чыноўнікаў, горад было ўжо не пазнаць. За некалькі месяцаў Мураўёў здолеў, за выключэннем бедных «вольнонаёмных» пісараў, якія атрымлівалі па тры рублі ў месяц плюс хабар, замяніць ўсіх мясцовых чыноўнікаў на подлую сволач, пра якасць якой здагадацца не цяжка і пры гэтым добрую палову з іх складалі «нігілісты». Усе яны прыехалі цэлымі эшалонамі, атрымалі ў канцылярыі спіс вакантных пасад і ў нядзелю раніцай запоўнілі вялізную бальную залу палаца генерал-губернатара. Сатрап сказаў некалькі слоў і са спісам у руках пачаў раздаваць «манну нябесную». Адбываліся камічныя дыялогі. Пра адзін з іх памяталі яшчэ і праз дзесяць гадоў.
Выцягнуўшыся, стаіць герой з фіялетавым носам. Падыходзіць сатрап:
– Ты, што хочаш?
– Месца, Ваша правасхадзіцельства!
– Якога?
– Казначэя ў Вількаміры.
– Ты служыў?
– Я служыў, Ваша правасхадзіцельства!
– У якім напрамку?
– Інжынерам.
– За што прагналі?
– Я упаў, Ваша правасхадзіцельства!
– На роўным месцы?
– На роўным, Ваша правасхадзіцельства!
– Касірам не годны, будзеш суддзёй у Ашмянах.
І ён стаў суддзёй59.
Мы пасяліліся ў толькі што адчыненым яўрэем Левянсонам «Еўрапейскім» гатэлі, які як быццам, быў арганізаваны ў еўрапейскім стылі, г. зн. меў пасцелі, бялізну, газавае асвятленне. Паўсюдна было поўна расейцаў як ваенных, так і цывільных, на вуліцах патрулі. Пасля заходу сонца нельга выйсці без ліхтара ў руках і пропуска ў кішэні. Арыштаў па найменшым падазрэннях больш не было, экзекуцый таксама, бо ўвесь «матэрыял» ужо быў вычарпаны. Толькі па некалькі разоў на тыдзень збіраліся натоўпы людзей усіх станаў, і іх без суда высылалі ў Сібір. Між імі было шмат жмудскіх сялян, большасць з іх не разумела польскай мовы […].
Маці адразу пайшла да губернскага маршалка шляхты Аляксандра Дамейкі, вялікага сябра і паклонніка майго бацькі. Ён вельмі цёпла прыняў нас і рупліва заняўся нашымі праблемамі. Увесь першы месяц мы праводзілі вечары ў яго разам з цікавым у сваім родзе чалавекам, панам Рэйнгольдам Тызенгаўзам, найбагацейшым пасля смерці Яна Тышкевіча чалавекам Літвы, вялікім арыгіналам, пра якога я яшчэ згадаю. Дамейка, ужо 60-гадовы, невысокі, пульхны дзядок, у тыя часы шмат у чым не быў на вышыні свайго становішча. Падчас апошніх перад паўстаннем выбараў, шляхта выбрала яго як «шчасце», галоўным чынам, каб не абраць непапулярнага князя Ірэнія Агінскага, не толькі з-за таго, што дзякуючы яго жонцы, апошняй з вялікага роду Каліноўскіх, былой фрэйліны імператрыцы, якую кахаў сам малады Аляксандр II, Агінскі меў у Пецярбургу ўнікальнае становішча, але і таму, што ён быў князем, чалавекам багатым, з вытанчанымі манерамі і даволі шырокай адукацыяй.
Ад самога Дамейкі я даведаўся пра падрабязнасці нападу, учыненага на яго год таму. Неўзабаве пасля прыбыцця ў Вільню, Мураўёў запатрабаваў ад Дамейкі, а таксама ўсіх павятовых маршалкаў і іншых вядомых памешчыкаў, падпісаць зварот аб капітуляцыі як адказ на дыпламатычныя ноты заходніх краін. Нягледзячы на пагрозу з Варшавы, што калі Дамейка падпіша зварот, дык будзе забіты, ён, жадаючы засцерагчы сябе і шляхту ад масавай ссылкі ў Сібір (гэта тычылася не толькі тых нешматлікіх, хто не падпісаў зварот), падпісаў сам і намаўляў да гэтага іншых. Аднак не прыняў паліцэйскую ахову, прапанаваную яму Мураўёвым. Праз некалькі дзён у перадпакой увайшоў малады чалавек, гвалтам уварваўся ў сталовую, дзе сядзеў Дамейка, лёгка ўдарыў яго кінжалам у плячо і цяжка параніў слугу, які спрабаваў яго абяззброіць – нанёс два ўдары нажом, пасля чаго ўцёк.
На першым жа допыце гэты слуга больш-менш апісаў знешнасць забойцы, у тым ліку і тое, што ў яго былі чорныя валасы і блакітныя вочы. Таму штодзень, пераважна на чыгуначным вакзале, лапалі ўсіх, хто больш-менш адпавядаў апісанню (бо сумленны Дамейка адбрэхваўся тым, што ад болю страціў прытомнасць і нічога не памятае). Затрыманых паказвалі слузе, які па загадзе свайго гаспадара нікога не пазнаваў, але тым не менш, кожны дзень аднаго са злапаных вешалі. Сапраўднага злачынца выпадкова схапілі на чыгунцы толькі праз тыдзень. Магчыма, каб спыніць гэтую расправу над нявіннымі, ён прызнаўся ў сваім злачынстве, яго пазнаў слуга, і экзекуцыі пасля гэтага закончыліся.
Галоўнае для нас было – убачыць бацьку. З гэтай мэтай мы паехалі да Аляксандра Львовіча Патапава60, толькі што прысланага з Пецярбурга ў якасці памочніка генерал-губернатара, напэўна, каб уціхамірыць дзікія схільнасці Мураўёва. Патапаў, генерал світы цара, быў вельмі маленькага росту, але элегантны і тыповы рускі «барин». З прыемнасцю прыняў маці і нас, размаўляў выключна па-французску. Дурыў нам галаву пра «вяршэнства права», але назаўтра даслаў для нам дазвол наведаць вязня ў дамініканаў.
Мы знайшлі, што наш бацька вонкава вельмі змяніўся і моцна пастарэў за год, які мы яго не бачылі. Трымалі яго ў маленькай, але чыстай кляштарнай келлі, якую ён дзяліў са старым эмігрантам 1831 г. князем Мiрскiм, прысланым ад Парыжскага камітэта, у камітэт ўваходзіла шмат маладых людзей, якія маглі б быць Мірскаму сынамі, але пры гэтым вельмі цанілі сваю ўласную скуру. Вязні на дваіх мелі рускага, так званага дзеншчыка ці ардынарца, які прасіў бацьку, каб ён, калі яго будуць весці на шыбеніцу, аддаў свой прыгожы і залаты гадзіннік з рэпетытарам. Тады дзяншчык закажа па бацьку ўрачыстую «паніхіду». Нягледзячы на тое, што бацька сядзеў за кратамі больш за месяц, яго яшчэ ніхто не выклікаў на допыт, і таму ён не ведаў, што яму інкрымінуюць. Мы зноў пайшлі да Патапава і прасілі хаця б даць магчымасць падазраванаму скласці свае тлумачэнні пра інкрымінаваныя яму злачынствы. Патапаў сам пайшоў у турму, абышоў усе келлі і цярпліва выслухаў бацьку. Потым, па яго просьбе, загадаў выдаць чарніліцу, пяро, шмат паперы і, галоўнае, усё «дело» ў 300 старонак, якое Каладзеяў даслаў з Ашмян. Бацька падрабязна адказаў на ўсе абвінавачванні. Праз тыдзень пасля гэтага яго выклікалі ў следчую камісію пад старшынствам палкоўніка Лосева і пасля вельмі кароткага допыту ў той жа дзень адпусцілі. Як высветлілася, на гэтае хуткае рашэнне ў значнай ступені паўплываў наступны выпадак: адначасова з бацькам, хоць ён пра гэта і не ведаў, акрамя сапраўды глыбока скампраметаванага Гейштара з Коўні, А. Аскеркі, Эдварда Чапскага і іншых, неўзабаве высланых ва ўсходнюю Сібір, быў арыштаваны яго добры сябар пан Канстанцін Кашыц61, жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: «Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!». Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: «Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару», і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае.
Нягледзячы на гэта, апраўданне бацькі было толькі частковым і не датычыла матэрыяльнага боку. Бацька быў інтэрнаваны ў Вільні без права выезду. Адзінаццаць тысяч рублёў за высечку лесу ён павінен быў заплаціць, але ужо не беднаму палкоўніку Каладзеяву, а ў касу не больш добранадзейнага генерал-губернатара. Секвестр маёмасці, які быў накладзены яшчэ падчас знаходжання бацькі ў Ашмянах, быў зняты, але коштам вялізнай кантрыбуцыі, нібы на адміністрацыйныя выдаткі. Геранёнская рухомасць аказалася некранутай, акрамя піўніцы, у якой не засталося ніводнай поўнай бутэлькі, і адзінаццаці службоўцаў маёнтка, якіх арыштавалі адначасова з бацькам і, нягледзячы на яго апраўданне, выслалі ў Сібір як матэрыял для каланізацыі. Каля 10 гадоў бацька ўтрымліваў іх там за свой кошт, пакуль тым, хто застаўся ў жывых, не дазволілі вярнуцца.
Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення, позна ўвечары прыехаў мясцовы паліцыянт з загадам майму бацьку на працягу 24 гадзінаў заплаціць тысячу рублёў штрафу «за самавольную пабудову каталіцкага касцёла з праваслаўнага камення». Гаворка ішла пра вялікую і прыгожую капліцу, якую яшчэ перад паўстаннем мой тата пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў Цыціне на магіле свайго бацькі, папярэдне прыбраўшы драўляную і гнілую, старую капліцу. Не прайшлі і 24 гадзіны, як бацька ўжо меў усе патрэбныя паперы з неабходнымі на той час дазволамі і што «праваслаўнымі камянямі» быў адзіны нагробак праваслаўнага селяніна, які знаходзіўся на лініі новага падмурку і з-за павагі да нябожчыка, яго ўмуравалі ў сцяну так, каб быў бачны надпіс. Паколькі бацька ўдала выкруціўся з аплаты адміністрацыйных выдаткаў за маёнтак Лугамовічы, які быў выключнай уласнасцю маёй неангажаванай маці, Мураўёў вырашыў: «Мілеўскі занадта разумны, нельга яму дараваць усе штрафы», – і загадаў, каб былі выплачаны ўсе грошы.
Адразу пасля прыезду я, поўны радасцю 16-ці гадовага сэрца, паляцеў да свайго сябра з 1862 г. «вахмістра польскіх войскаў» Лукашэвіча. Знайшоў яго ў той самай венгерцы, але парваныя аксельбанты былі заменены на форменныя гузікі, на галаве – шапка чыноўніка з зоркай і мундзір адміністрацыі дзяржаўных стайняў. Мой вялікі сябар, мой партнёр у хатніх пастаноўках, вітаючыся са мной, называў мяне ўжо не паручнікам, а Гіпалітам Аскаравічам, бо ў сваім манежы даваў урокі верхавой язды пану Азнабішыну, прызначанаму ўрадам маршалкам шляхты. Гэта было маё першае расчараванне ў шчырасці чалавечай душы, але далёка не апошняе.
На наступны дзень пасля выхаду з турмы мой бацька сустрэў ля Вострай брамы другога героя той памятнай сустрэчы ў Геранёнах, пана Вільгельма Пратасевіча. Ён таксама насіў шапку чыноўніка з зоркай, бацька агледзеўся, убачыў, што на вуліцы нікога няма ні справа, ні злева, і тады бязлітасна спытаў: «Пан Вільгельм! А дзе ж той белы кунтуш, той слуцкі пояс, тыя саф'янавыя боты і тая канфедэратка?». Заглоба збялеў, як швейцарскі сыр, і, не развітаўшыся, уцёк.
Першым клопатам вызваленага бацькі было, што рабіць з двума сынамі, якія толькі што скончылі гімназію, ды яшчэ і за мяжой? Майму брату было 19, а мне толькі што споўнілася 17, і на гэтым мая вучоба не магла скончыцца. Калі мяне спыталі, я сказаў бацьку, што (ён і сам так лічыў) трэба думаць пра ўласны кавалак хлеба ў будучыні, а паколькі ўсё паказвала на пачатак чыгуначна-тэхнічнай ліхаманкі ў Расіі, я прасіў яго неадкладна адправіць мяне да пана Кузіна, каб я мог коштам яшчэ аднаго ці максімум двух гадоў здаць на «бакалаўра» па матэматыцы і прыродазнаўстве і паступіць у Цэнтральную школу, тады ў 20 гадоў я адразу стану інжынерам. Бацька пагадзіўся, але не пагадзіўся Мураўёў. Калі генерал Патапаў, які ўзяў майго бацьку пад сваю абарону, папрасіў выдаць мне пашпарт, сатрап цвёрда адказаў: «Не, я не дам пашпарт ні яму, ні яго брату да 20 гадоў, вызначаных законам. Яны дастаткова вывучылі французскую мову, няхай зараз вывучаюць матчыну расейскую мову».
І давялося вучыць. Нам узялі настаўніка пана Радзевіча. Не ведаю, чаму з 14 траўня 1926 г., калі нашчадкі караля Баторыя (далёкія) і канцлера Замойскага так ветліва з'ехалі па загадзе энергічнага «рызыкоўніка»62, я не магу забыць першага верша, які мне прадыктаваў тады пан Радзевіч. Як і многія, здавалася б, пустыя рэчы, верш не пазбаўлены глыбокай думкі, і я павінен запісаць тут яго ў надзеі, што гэтыя радкі больш не будуць мяне пераследаваць. Вось яны:
Адначасова бацька ўвёў нас у віленскі «свет». Ён ужо не быў такім, якім быў да 1861 года, калі, з аднаго боку, высокі дабрабыт вышэйзгаданага старога і новага літоўскага патрыцыяту, а з другога боку, цяжкасці зносін з Варшавай і Пецярбургам, а тым больш з замежжам, рабілі з Вільні сапраўдную сталіцу. Мураўёўскі тэрор, эканамічны крызіс, выкліканы вызваленнем сялян, кантрыбуцыі і г. д. ужо моцна даваліся ў знакі. Таму скарацілася колькасць дамоў, дзе яшчэ прытрымліваліся вельмі старога звычаю штовечар прымаць у сябе ўсіх знаёмых без усялякіх запрашэнняў, і таму малады чалавек мог кожны дзень праводзіць прыемныя вечары ў розных месцах, вядома, не без картачнага стала для больш сталых гасцей. Першым домам, куды мяне прывёў бацька, быў дом старога (яму тады павінна было быць не менш за 80 гадоў) князя Канстанты Радзівіла, трэці раз жанатага з Карніцкай. Валодаў ён двума вялікімі маёнткамі – Паланечка ў Наваградскім павеце і Тавяны ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні. Паходзіў з найменш заможнай з пяці радзівілаўскіх галін, якія ў XVI ст. адгалінаваліся ад князя Радзівіла-Сіроткі. Таму ў нашай гісторыі яны адыгралі менш значную ролю, чым іншыя чатыры галіны, і, насамрэч, належалі не да магнатаў («каралевічаў»63